МІНСК, 28 чэр — Sputnik. Пра культурнае жыццё беларускай дыяспары пад час відэа-маста ў МПЦ Sputnik распавяла кіраўнік грамадскага аб'яднання "Беларускі культурны рух Малдовы" Ганна Мазур.
Паводле яе словаў, сёння вялікім дасягненнем з'яўляецца тое, што беларуская мова гучыць у Малдове.
"Наша арганізацыя стварыла беларуска-малдаўскі тэатр "Куфар". Мы ладзім білінгвальныя спектаклі на румынскай і беларускай мовах. Асноўныя традыцыйныя святы — Гуканне вясны і Каляды. Гэта ўжо нашыя візітоўкі, дзякуючы якім можна пачуць жывую беларускую мову", — падкрэсліла кіраўнік грамадскага аб'яднання.
Ганна Мазур адзначыла, што "спектаклі, якія ладзіць тэатр, заўжды інтэрактыўныя. Публіка ўцягваецца ў пастанову і робіцца такі "хатні фармат". Гэта заўжды весела і эмацыйна".
"Таксама на малдаўскім радыё выходзіць цалкам беларускамоўная перадача — "Беларуская крыніца". Гэтай перадачы спаўняецца ў чэрвені тры гады. Гэта выдатная магчымасць данесці пра жыццё беларускай дыяспары на ўсю Малдову", — рэзюмавала яна.