МІНСК, 29 чэр — Sputnik. Аранжавы ўзровень небяспекі абвясцілі сіноптыкі на пятніцу 30 чэрвеня — у Беларусі чакаецца не толькі спякота, але і моцныя ліўні з градам.
Напярэдадні Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя таксама аб'яўляў аналагічны ўзровень небяспекі з-за спякоты і дажджоў — моцныя ліўні былі адзначаны ў Брэсце, там раніцай у сераду падтапіла некалькі вуліц.
"У пятніцу па Беларусі чакаюцца навальніцы, месцамі шквалістае ўзмацненне ветру", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што ў асобных раёнах усходняй паловы краіны будуць моцныя ліўні з градам, а на паўднёвым усходзе тэмпература паветра падымецца да +32°С. У сувязі з гэтым па рэспубліцы абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
У сталіцы, паводле інфармацыі сіноптыкаў, прагрымяць навальніцы, ноччу пройдуць моцныя ліўні.