МІНСК, 1 ліп — Sputnik. Паслабленне спякоты і ападкі прынеслі на Беларусь паветраныя масы з Заходняй Еўропы, другі месяц лета пачаўся з умерана цёплага надвор'я, паведамілі ў Гідрамеце.
Ліпень на Беларусі пачаўся з умерана цёплага надвор'я. Спякота, якая стаяла ўвесь апошні тыдзень чэрвеня, аслабла.
"На выхадных праз Беларусь будуць праходзіць атмасферныя франты з Заходняй Еўропы, яны і прынеслі моцныя дажджы, навальніцы, парывісты вецер, а таксама зніжэнне тэмпературы паветра", — распавялі ў Гідрамеце.
Па дадзеных сіноптыкаў, 2 ліпеня па большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца дажджы, у асобных раёнах — моцныя дажджы, навальніцы. Вецер паўднёва-заходні 5-10 м/с, парывы да 14 м/с.
У Мінску прагназуецца выпадзенне ападкаў да 11 міліметраў, вельмі моцны дождж будзе ісці з самай раніцы. Тэмпература паветра ноччу +11..+16°C, днём +15..+21°C, па паўднёвым усходзе да +24°C, удакладнілі ў Гідрамеце.