Распрацоўшчыкі прылады Coremergy рэзюмавалі — хоць у групе рызыкі захворванняў сэрца больш мужчын, пытанне дыягностыкі турбуе, хутчэй, жанчын. Каб не вымушаць няўважлівага да свайго сардэчнага рытму мужчыну запісвацца на прыём да ўрача-кардыёлага, каманда стартапа стварыла прыладу, для працы якой спатрэбіцца толькі смартфон. Не трэба ляпіць на цела датчыкі — проста краніцеся пальцамі прылады, і экран пакажа вам кардыяграму сэрца. Да канца гэтага года распрацоўшчыкі плануюць пусціць прыбор у продаж. Каштаваць ён будзе менш за сто долараў.
Ці будуць лекары сур'езна ставіцца да дадзеных, назапашаных не ў медкарце, а на воблачным серверы, і наколькі дакладныя дадзеныя Coremergy, карэспандэнт Sputnik абмеркаваў з лідэрам праекта ў Беларусі Андрэям Дзюсьмікеевым.
Замест чаргі ў паліклінікі — смартфон…
— Прыкласці палец да смартфона і тут жа атрымаць ЭКГ — гучыць уражліва, але наколькі запатрабаваная ваша распрацоўка? Ці ёсць ужо водгукі ад аўдыторыі і інвестараў?
— У нас ёсць некалькі прапаноў ад інвестыцыйных фондаў і акселератараў, а таксама дастаткова водгукаў патэнцыйных кліентаў. На выхадных мы ўдзельнічалі ў інавацыйнай частцы "Geek Picnic" у Санкт-Пецярбургу, дзе атрымалася пратэставаць значную аўдыторыю і паназіраць рэакцыю на нашую прыладу, зразумець, ці ёсць у ёй патрэба. Мы апыталі за два дні каля ста жанчын, а вось мужчыны ўдзельнічалі менш актыўна. З анкет відавочны вынік — хоць хвароба хутчэй мужчынская, у групе рызыкі 90% мужчын і толькі 10% жанчын, але інфармацыю пра тое, як засцерагчы сэрца, шукаюць пераважна жанчыны. Такое, па нашых назіраннях, размеркаванне роляў у парах. Менавіта жанчыны прымаюць рашэнні, а потым кажуць — я запісала цябе на прыём, купіла для цябе таблеткі (больш за 60% апытаных жанчын). Мужчыны ж, пакуль не патрапяць у рэанімацыю, не надаюць увагу свайму здароўю. Каля 25% апытаных лічаць, што з імі "ўсё абыдзецца!". З апытання бачна, што рашэнне аб неабходнасці зрабіць кардыяграму прымаюць самастойна толькі 19% апытаных мужчын.
Апытаныя распавялі нам, што ў паліклініку не ходзяць з-за чэргаў, недаверу да дактароў, складанасці трапіць да кардыёлага, недахопу часу (больш за 70%), — то бок ёсць шэраг сур'ёзных прычын, і таму сэрвіс, які імгненна можа даць інфармацыю аб рабоце сэрца — арытміі, тахікардыі — падаецца нам важным. Прыбор маментальна ўстанаўлівае асноўныя парушэнні ў працы сэрца.
На стэндзе ў Пецярбургу з намі працаваў доктар, які даваў наведвальнікам рэкамендацыі. Сярод іншых да нас падышла маладая пара, і дзяўчына выказала жаданне праверыць працу сэрца. Мы здзівіліся — гэта вашаму маладому чалавеку трэба праверыць сэрца, але аказалася, што яна дызайнер, працуе па начах з кубкам кавы, і насамрэч аказалася, што ў яе не ўсё ў парадку з сэрцам.
Нядзіўна, што айцішнікі, якія вядуць сядзячы лад жыцця, працуюць па начах, п'юць каву, а часам і паляць, раней трыццаці пяці гадоў ўваходзяць у зону рызыкі, калі з'яўляецца дыхавіца, перабоі ў працы сэрца, пакуль дрэнна прыкметныя і мала кантраляваныя.
Магчымасць у любы момант зрабіць ЭКГ — гэта магчымасць выявіць парушэнні на ранняй стадыі. Прылада дазваляе здымаць дадзеныя аб працы сэрца ў той момант, калі адчуваеш дыскамфорт, а не калі будзе час дайсці да доктара. Сімптомы могуць знікнуць праз паўгадзіны, праз дзень, і вы ўжо, хутчэй за ўсё, не пойдзеце ў паліклініку.
Калі ёсць "воблака", у якое патроху складваеш дадзеныя аб працы сэрца, гэта лепш дэманструе агульную карціну. Бо прасцей зняць ЭКГ, прыклаўшы два пальца да прыбора, чым губляцца ў здагадках. Ва ўсялякім выпадку, так падаецца мне і большасці жанчын. Меркаванне мужчын трохі адрозніваецца. Што ж, з гэтага мы і пачалі: жанчыны зацікаўлены ў тым, каб раней часу не адправіць спадарожніка ў лякарню, засцерагчы мужа, бацьку, карміцеля і апору ў сваіх планах.
— Як працуе прылада і што акрамя смартфона спатрэбіцца пацыенту?
— Прылада здымае з пальцаў і перадае на смартфон электрычныя характарыстыкі ўсіх мышцаў. Сэрца — адна з іх, і мае свае унікальныя параметры, мы вылучаем паказчыкі, дублюем верыфікацыю электрычнага сігналу аналізам частотных характарыстык і выводзім іх на экран. Гэта наша невялікае "know-how". Ёсць дзве ідэі дызайну: мы плануем зрабіць прыладу ў выглядзе налепкі на тэлефон і масіўную драўляную форму для тых, хто баіцца страціць невялікую налепку. Цяпер у нас тры тэставых прылады, а напрыканцы ліпеня будзе сто, да канца года — ужо прамысловая партыя, не менш за тысячу.
— Наколькі спраўджаныя дадзеныя, якія дае прыбор?
— У нашай камандзе два доктара, адзін з іх — вядучы кардыяхірург Беларусі. Другі напрамак — гэта мікраэлектроніка, і на ім працуюць яшчэ два кваліфікаваных спецыяліста. У нас велізарная база дадзеных, мы правяраем, наколькі валідны сігнал дае наша прылада. Цяпер мы працягваем над ім працу, але гэта ўжо толькі матэматыка, з "жалеза" выціснулі ужо ўсё, зараз працуем над павышэннем дакладнасці выдзялення чыстага сігналу з шумоў. Аналагі такога прыбора ў свеце ёсць, мы адсочваем канкурэнтаў. Цяпер запускаецца шведскі праект, стваральнікі прапануюць вешаць кардыяманітор на грудзі. Мы ж свядома адмовіліся ад таго, каб нешта на сябе вешаць, хацелі, каб для дыягностыкі было дастаткова дотыку пальцамі. Восенню ў нас запланавана вялікая праца з арытмолагамі па верыфікацыі сігналу ЭКГ-манітора і яго магчымасцяў па распазнанні арытмій.
Па фітнес-бранзалету крытычны стан сэрца вызначыць немагчыма.
— Кантраляваць свой стан прапануюць многія сэрвісы. У чым адрозненне вашай прылады ад фітнес-трэкераў?
— Бранзалеты не паказваюць электрычны сігнал, а адлюстроўваюць пульсавую хвалю. Пульсавая хваля адлюстроўвае ўсплёск нутрасудзіннага ціску, які ўзнікае з прычыны скарачэння сэрца, і рэшткавы ціск, якім, з агаворкамі, можна называць ціск, які падрымліваецца тонусам сасудаў падчас дыясталы. Па сутнасці гэта не электрычны сігнал, а адлюстраванне змены ціску ўнутры сасуда. Гэта не ЭКГ, ніякія крытычныя станы па бранзалетам вызначыць нельга. Гэта не можа быць падставай для нейкіх вынікаў у галіне кардыялогіі. Часты пульс або запаволены — гэта амаль нічога не значыць. Садзіцца перад вамі спартсмен з пульсам 50 — а для яго гэта норма, ён выдатна сябе адчувае.
— Ці гатовыя лекары выкарыстоўваць дадзеныя, сабраныя такім чынам, пры выстаўленні дыягназу?
— Каштоўнасць для лекара — рэгістрацыя працы сэрца ў любы момант, у любым месцы і пры любых абставінах. Гэта дазваляе своечасова выявіць як відавочныя, так і скрытыя парушэнні да звароту да лекара. Напрыклад, было б добра збіраць дадзеныя не толькі ў праблемныя моманты, але і ў спакойнай абстаноўцы або рызыкоўных сітуацыях. Падняўся па лесвіцы — зрабіў ЭКГ. Выпіў гарэлкі — таксама вымяраеш.
Гэта дапаможа доктару, які будзе гатовы да аналізу такіх дадзеных. Ён не стане ганяць цябе з сутачным маніторам, які мала што пакажа, калі чалавек будзе кантраляваць сябе і баяцца зрабіць лішні рух.
Мы анкетавалі і дактароў як патэнцыйных карыстальнікаў. Сярод моладзі прылада выклікала захапленне, лекары старэйшага ўзросту шмат увагі надаюць верыфікацыі дадзеных, цікавяцца, ці можна заявіць прыладу як медыцынскі прыбор. Ва ўсялякім выпадку, лекарам куды прасцей працаваць з пацыентам, які прыйдзе з пэўнай колькасцю інфармацыі аб працы свайго сэрца — ва ўсялякім выпадку, тым дактарам, якія працуюць дзеля здароўя чалавека.
— Але дактары кажуць — не чытайце парады ў Інтэрнэце, не стаўце сабе дыягназы…
— Гэтая прылада не будзе ставіць дыягназ, яна вылучае праблемныя параметры працы сэрца і рэгіструе іх. ЭКГ-манітор можа падказаць, што гэтыя параметры блізкія да пэўных крытычных станаў, але дыягностыку сэрвіс не дае. Ён фіксуе ўсё ў выглядзе поўнафарматнага ЭКГ, каб у далейшым з ім працаваць. Трэба мець на ўвазе, што прыбор не замяняе спецыялізаваную кардыялагічную дапамогу. Наш сэрвіс выяўляе праблему і дазваляе пры неабходнасці хутка і аператыўна атрымаць кардыялагічную дапамогу. Акрамя таго, наш падыход прымушае людзей з вялікай увагай паставіцца да здароўя свайго сэрца, сфармаваць тое, што на Захадзе называюць "уцягнутасць пацыента".
— Калі ж можна будзе набыць такі прыбор?
— Пакуль мы не вызначыліся з вытворчай схемай і з тым, хто будзе суінвестарам — Беларусь, Расія ці Кітай. Прылада будзе каштаваць менш за сто долараў, гэта мы вызначылі.
— А адкуль узнікла ідэя зрабіць такі пераносны кардыяманітор? Нехта ў камандзе вырашыў падумаць пра будучыню і патурбавацца пра здароўе?
— Было б прыгожа, але насамрэч мы проста спецыялізуемся ў галіне аўтаномных крыніц забеспячэння рознага тыпу. Наша задача ў тым, каб адвязаць сэрвісы ад разеткі, даць новыя ўласцівасці і новую якасць стандартнаму і звыкламу абсталяванню. А медыцынская частка каманды стартапа даўно рыхтавала падобны праект. Паколькі нас звязвае доўгае асабістае сяброўства, то ідэя прадукту нарадзілася на стыку нашых ведаў і досведу ў распрацоўцы.
Зараз разбярэмся з кардыяманіторам, і тады, магчыма, з'явяцца іншыя спадарожныя сэрвісы.