МІНСК, 4 ліп — Sputnik. Надвор'е ў ліпені на Беларусі чакаецца ў межах кліматычнай нормы, але месцамі будзе няўстойлівым, распавяла Sputnik у аўторак галоўны сіноптык рэспубліканскага Гідраметцэнтра Святлана Рыбакова.
Ліпень на Беларусі традыцыйна — самы цёплы і вільготны месяц, аднак надвор'е бывае пераменлівым. Як узгадалі ў Гідрамеце, самы гарачы ліпень быў у рэспубліцы ў 2010 годзе — тады сярэдняя тэмпература амаль на пяць градусаў перавышала норму. Самым халодным быў месяц у 1979-м — у сярэднім тэмпература тады склала толькі +14,4°С.
Як адзначылі суразмоўцы Sputnik, нягледзячы на прыкметнае пахаладанне на пачатку месяца, ліпень сёлета будзе ў межах нормы, а, магчыма, і на градус цяплей звычайных значэнняў.
"Пацяпленне пачнецца ўжо напрыканцы першай дэкады ліпеня. У другой і трэцяй дэкадзе мы чакаем досыць цёплае надвор'е, хоць без часовых пахаладанняў і не абыдзецца", — адзначылі ў Гідрамеце.
Са слоў Рыбаковай, для ліпеня характэрны і няўстойлівы тэмпературны фон: таму цёплыя дні могуць змяняцца прахалоднымі. Да канца ліпеня па паўднёвым захадзе Беларусі сіноптыкі прагназуюць і магчымасць устанаўлення 30-градуснай спякоты на некалькі дзён.
А вось тая спякота, якая зараз пануе ў Цэнтральнай Еўропе, да Беларусі не дабярэцца.
Як дадалі ў Гідрамеце, у ліпені па рэспубліцы пройдуць дажджы і навальніцы, месяц можа быць крыху больш вільготным, чым у сярэднім. Аднак, запэўнілі суразмоўцы агенцтва, самыя дажджлівыя дні ўжо мінулі.