ГОМЕЛЬ, 7 ліп — Sputnik. Па традыцыі, у ноч з 6 на 7 ліпеня незамужнія дамы шукаюць сабе суджаных, скачуць праз вогнішча і робяць шэраг недарэчных, на першы погляд, рэчаў. Паколькі скачкі праз вогнішча ў добраўпарадкаваным горадзе пад забаронай, застаецца плесці вянкі і спускаць іх на ваду. Калі вянок патоне або прыб'ецца назад да берага, яшчэ год прыйдзецца хадзіць у дзеўках, сплыве далёка — чакай сватоў. Ці вераць у гэтую прымкету сучасныя дзяўчыны, карэспандэнт Sputnik высветліў на свяце Купалле ля аднаго з гомельскіх азёр.
"Вучуся ў машынабудаўнічым каледжы на тэхніка-тэхнолага. Замуж не спяшаюся, у мяне іншая мэта ў жыцці. Хачу займацца творчасцю, таму што добра танчу і спяваю, раней грала на фартэпіяна. Купальскі вянок спляла, кіну яго ў возера, але куды ён там паедзе, мне ўсё роўна", — усміхаецца 18-гадовая Рэната Ігнаценка.
"Прыйшлі на Купалле адпачыць, павесяліцца, знайсці новых сяброў. Самі сплялі вянкі, хочам сёння зрабіць шмат прыгожых фатаграфій. Пра чараўніцтва купальскай ночы ведаем, але не вельмі ў яго верым. Цяпер на першым месцы добра скончыць гімназію, здаць ЦТ і паступіць у інстытут. Замуж выходзіць трэба бліжэй да 24-25 гадоў, але дакладна не раней за 20", — разважаюць дзевяцікласніцы Яўгенія Астракова і Таццяна Беразняцкая.
"Я на Купаллі ўпершыню. Нядаўна працую ў школе, і нам даручылі правесці на набярэжнай майстар-клас па пляценні вянкоў. Праблем няма, выбар траў і кветак цяпер вялікі. Мне ж захацелася сплесці сабе вянок з васількоў. Купіла іх на рынку. Замуж, вядома, хачу, але не ў гэтым годзе. Малады чалавек ёсць, можна сказаць, нават сустракаемся. Але свой вяночак кіну ў ваду, хто яго ведае", — інтрыгуе педагог-арганізатар Яніна Таўтын.
"Два гады замужам. З будучым мужам пазнаёмілася шэсць гадоў таму ў сацсетках. На сёння гэта самы надзейны спосаб завязаць адносіны. Выходзіць у людзі таксама трэба, і Купалле — добрая для гэтага нагода. Таму нікога не хачу расчароўваць сваімі "веру — не веру". Верце, дзяўчынкі, пляціце вяночкі, кідайце іх у ваду і чакайце ў госці сватоў", — заклікае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вікторыя Жызнеўская.