МІНСК, 7 ліп — Sputnik. Купалаўскі тэатр у чацвер адзначыў дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры, зладзіўшы ноч паэзіі і аздобіўшы яе купальскай атмасферай.
У летняе кафэ тэатра завітала шмат прыхільнікаў Купалы і людзей да беларускай культуры не абыякавых, каб паслухаць вершы выбітнага дзеяча беларускай літаратуры ў выкананні акцёраў Купалаўскага, драматургаў, музыкаў і паэтаў.
На сцэне кафэ халодным ліпеньскім вечарам выступілі Алена Сідарава, Святлана Зелянкоўская, Уладзімір Арлоў, Андрусь Такінданг, Андрэй Саўчанка, Уладзімір Лянквіч і іншыя.
Цалкам адчувалася, што кожны, хто выходзіў на сцэну, прапускаў кожны радок класіка праз сябе, і гэта знаходзіла адпаведны водгук у слухачоў.
У праграме прагучалі лепшыя вершы беларускага класіка. Тыя дзеячы купалаўскага, што не патрапілі на мерапрыемтсва, прагучалі для гасцей вечара ў запісу.
Вечар быў аздоблены чароўнай музыкай ханг-драмаў.
Завяршылася мерапрыемства адкрытым мікрафонам — кожны мог выказаць словы ўдзячнасці беларускаму песняру, прачытаўшы верш ці праспяваўшы песню.