МІНСК, 11 ліп — Sputnik. Палын пачынае квітнець на поўдні Беларусі, а ў цэнтральных раёнах рэспублікі заквітнее на працягу двух тыдняў, распавёў Sputnik старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аркадзь Скуратовіч.
Беларусы з палінозам (алергіяй на пылок раслін) ужо перажылі самы складаны перыяд: большасць злакавых траў адкрасавалі ў краіне да пачатку ліпеня, таму стан алергікаў павінен палепшыцца.
"Але не ўсе зёлкавыя яшчэ адкрасавалі — на поўначы краіны яшчэ квітнеюць многія віды", — папярэдзіў батанік.
Са слоў спецыяліста, "перадышка" ў алергікаў выйшла нядоўгая. "На поўдні Беларусі ўжо пачынае квітнець палын, які таксама моцны алерген. У цэнтральных раёнах краіны і Мінску ён заквітнее праз два тыдні", — папярэдзіў Скуратовіч.
Больш такіх "сюрпрызаў" прыроды, як адначасовае цвіценне розных алергенаў, пакуль не прадбачыцца: расліны працягваюць развівацца згодна з натуральнай нормай.
Як распавёў Скуратовіч, у Беларусі сёлета ўпершыню за доўгі час выявілі расліну, якая з'яўляецца адным з наймацнейшых алергенаў, — амброзію. Батанікі знайшлі небяспечную расліну ў Гомельскай вобласці і ўжо паведамілі спецыялістам каранціннага нагляду — амброзію неабходна знішчыць.
"Калі казаць пра ліпу, то некаторыя віды ўжо адкрасавалі — спрадвечна беларускія. Замежныя ж ліпы, якія культывуюцца ў тым ліку і ў гарадах, толькі пачынаюць квітнець — калі нехта збірае іх кветкі, то яшчэ можна паспець", — адзначыў Скуратовіч.
Красаванне ліпы, якая таксама з'яўляецца алергенам, хоць і не такім моцным, расцягваецца ў Беларусі на два-тры тыдні.