БРЭСТ, 11 ліп — Sputnik. Фестываль блізнят упершыню пройдзе 30 ліпеня ў Брэсце — пачнецца сямейнае свята з параду аднолькавых берасцейцаў, паведаміў Sputnik у аўторак адзін з арганізатараў мерапрыемства Алег Голас.
Фестываль будзе праводзіцца на адкрытай пляцоўцы Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні, плануецца шырокая канцэртна-забаўляльная праграма, якую завершыць дыскатэка.
"Фестываль ужо адзначыўся ў асобных гарадах Беларусі — у прыватнасці, у Мінску і Гродне. Брэст не саступае па актыўнасці ў арганізацыі падобных сямейных святаў. На мой погляд, мы даўно ўжо саспелі для правядзення свята для нашых брэсцкіх блізнятак, двайнятак, трайнятак і гэтак далей", — адзначыў Голас.
Партнёры фестывалю рыхтуюць прызы для ўдзельнікаў у намінацыях "Самыя падобныя", "Самыя маленькія", "Самыя дарослыя", "Самыя крэатыўныя", "Самы выдатны вобраз", "Хто больш?", абяруць таксама пераможцаў глядацкіх сімпатый.
"Некалькі мам блізнятак ужо адгукнуліся на заклік. З нецярпеннем чакаем. Вельмі цікава самім, колькі ў Брэсце людзей, чыё падабенства выклікае здзіўленне", — распавёў суразмоўца Sputnik.
Рэгістрацыя на фестываль вядзецца ў адмыслова створанай суполцы ва "УКантакце".