МІНСК, 12 ліп — Sputnik. Сіноптыкі зноў абвясцілі штармавое папярэджанне па Беларусі, гэтым разам на чацвер 13 ліпеня — у рэспубліцы зноў чакаюцца навальніцы з залевамі, паведамілі Sputnik у сераду ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Напярэдадні па тэрыторыі краіны прайшоў навальнічны фронт, які прынёс з сабой моцныя ападкі і парывісты вецер: у шэрагу рэгіёнаў краіны былі зафіксаваны пашкоджанні дахаў і ліній электраперадачы, падтаплення вуліц і прыватных падворкаў.
"У чацвер ноччу па захадзе Беларусі, а ўдзень — па большай частцы тэрыторыі чакаюцца навальніцы", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама ўдакладнілі, што днём узмоцніцца вецер — яго парывы будуць дасягаць хуткасці ад 15 да 20 м/с, месцамі ліўневыя дажджы будуць суправаджацца градам.
У Мінску ў чацвер таксама чакаецца навальніца з залевамі, шквалісты вецер.
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я Гідрамет на 13 ліпеня абвясціў па ўсёй краіне аранжавы ўзровень небяспекі.