МІНСК, 13 ліп — Sputnik. Народнаму артысту Беларусі і экс-салісту ансамбля "Верасы" Аляксандру Ціхановічу 13 ліпеня споўнілася б 65 гадоў.
Аляксандр Ціхановіч — адзін з салістаў легендарнага ансамбля "Верасы", сузаснавальнік Тэатра песні і ўласнага прадзюсарскага цэнтра. Апошнія гады ён выступаў у дуэце з жонкай Ядвігай Паплаўскай і актыўна дапамагаў маладым артыстам прабівацца на сцэну.
Артыст нарадзіўся ў сталіцы БССР 13 ліпеня 1952 года, гэта значыць у гэты чацвер яму споўнілася б 65 гадоў.
Пасля вучобы ў кансерваторыі, ужо з 1973 года ён пачаў выступаць у ансамблі "Верасы" і набыў усесаюзную славу, стаўшы адным з самых вядомых у іншых сацыялістычных краінах выканаўцам з Беларусі.
Выкананыя Ціхановічам і яго будучай жонкай песні "Завіруха", "Малиновка", "Я у бабушки живу" былі вядомыя жыхарам усяго Савецкага Саюза, а слухалі іх з задавальненнем на канцэртах людзі і праз два дзясяткі гадоў пасля развалу СССР.
Пасля сыходу з "Верасоў" Ціхановіч займаўся сольнай кар'ерай і працаваў прадзюсарам. Сярод артыстаў, якім ён дапамог "прабіцца" на сцэну, — Аляксандр Саладуха і гурт "Ляпис Трубецкой". Некалькі гадоў артыст узначальваў беларускі адбор на конкурс песні "Еўрабачанне" — "Еўрафэст", і менавіта пры ім быў абраны прадстаўніком краіны Дзіма Калдун, які заняў у выніку шостае месца на конкурсе — самае высокае ў гісторыі ўдзелу Беларусі.
Незадоўга да сваёй смерці Ціхановіч даў інтэрв'ю радыё Sputnik — артыст быў свежы і поўны сіл >>
Народнага артыста не стала ў ноч з 27 на 28 студзеня ў Мінску, прычынай смерці стала цяжкая хвароба, якую Ціхановіч стараўся схаваць ад прыхільнікаў. Развітацца з легендай беларускай музыкі захацелі тысячы людзей, яны праводзілі яго ў апошні шлях авацыямі пад знакамітую "Малиновку" >>