МІНСК, 16 ліп — Sputnik. Сёмы сезон амерыканскага тэлесерыяла "Гульня тронаў" выходзіць на тэлеэкраны ўвечары ў нядзелю.
"Гульня тронаў" — адзін з самых папулярных сучасных серыялаў: аўдыторыя кожнай серыі налічвае дзесяткі мільёнаў чалавек, калі ўлічваць і пірацкія, і ліцэнзійныя прагляды.
Сюжэт сагі пабудаваны на цыкле кніг Джорджа Марціна "Песня лёду і полымя" і распавядае пра супрацьстаянне кланаў за трон у выдуманым свеце Сямі Каралеўстваў. Гледачам серыял палюбіўся за кошт удалага падбору акцёраў і нечаканых паваротаў сюжэту — у тым ліку і раптоўных смерцяў галоўных герояў.
Перадапошні, сёмы сезон "Гульні тронаў" будзе прадстаўлены тэлеканалам HBO ўвечары ў нядзелю. Па беларускім часе гэта будзе ўжо ноч, а раніцою ў панядзелак гледачы змогуць паглядзець першую серыю новага сезону "Гульні тронаў" у анлайн-кінатэатрах.
Пакуль не вядома, ці пакажуць серыял па тэлеканалах, якія транслююцца ў Беларусі, — раней "Гульню тронаў" паказвалі па расійскім ТБ.
Новы сезон будзе самым кароткім — усяго сем серый, аднак усе яны будуць ісці даўжэй за гадзіну. Завершыцца ж фэнтэзі-гісторыя ўжо летам 2018 года. Каму ў выніку дастанецца Жалезны трон — таямніца, пра якую не гавораць ні пісьменнік Марцін, ні тэлепрадзюсары.