МІНСК, 17 ліп — Sputnik. Тры анімацыйныя стужкі "Беларусьфільма" будуць змагацца за перамогу на V фестывалі "Constantine's gold coin" ("Залатая манета Канстанціна") у Сербіі, паведамілі Sputnik у прэс-службе кінастудыі.
На конкурс даслана каля 600 работ з 65 краін свету, 200 з іх адабраны для ўдзелу ў асноўнай конкурснай праграме ў пяці катэгорыях.
Беларусь прадставяць тры анімацыйныя працы — "Нянюшкіны казкі", "Якія сны сніць мядзведзь" і "Вясна ўвосень".
Фестываль "Constantine's gold coin" пройдзе ў горадзе Ніш з 25 па 29 лiпеня.
"Вясна ўвосень"
Гэта экранізацыя казкі класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, у якой аўтар вучыць дзяцей быць абачлівымі і спагадлівымі, выхоўвае любоў да ўсіх жывых істот. Маленькі Янка цяжка захварэў. Яму хочацца ўбачыць сонца, але дзень выдаўся пахмурным, непагодлівым. Сястра Янкі Аленка папрасіла сонца вызірнуць з-за хмар, але яно не пачула голас дзяўчынкі. І тады на дапамогу Аленцы прыйшлі птушкі і звяры, якія добра памяталі яе брата — ён ніколі іх не крыўдзіў. Усе разам яны заспявалі вясновыя песні і абудзілі сонца.
Рэжысёр і аўтар сцэнарыя Таццяна Кубліцкая, 10 хвілін.
![Кадр з мультфільма Вясна ўвосень Кадр з мультфільма Вясна ўвосень - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102981/67/1029816784_0:0:1600:900_600x0_80_0_0_d99cce574bfc4849534d23954f24b9cd.jpg)
"Якія сны сніць мядзведзь"
У аснову сюжэту пакладзены беларускія народныя абрады. Гэта смешная, кранальная гісторыя, агучаная каларытнай беларускай мовай. У ёй распавядаецца пра тое, як людзі будзілі спячага ў бярлозе мядзведзя, які скраў з неба сонца, чым затрымаў прыход вясны. Фільм пазнавальнага плана, знаёміць дзяцей са старадаўнімі беларускімі традыцыямі і абрадамі.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Руслан Сінкевіч, 6,5 хвілін.
![Кадр з анімацыйнай ленты Якія сны сніць мядзведзь Кадр з анімацыйнай ленты Якія сны сніць мядзведзь - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102981/68/1029816845_0:0:1600:900_600x0_80_0_0_34fae290638e0cd558e11e11748e09a4.jpg)
"Нянюшкіны казкі"
Па матывах казак братоў Грым. Познім вечарам мама ўкладвае спаць маленькую дачку. Дзяўчынка не хоча спаць і просіць сабаку Ашу расказаць ёй страшэнную казку. Аша распавядае казку пра дзяўчынку Грэтэль і яе брата Гензеля. Непаслухмяны хлапчук, пакрыўдзіўшыся на сястру, збег у таямнічы лес. Грэтэль кінулася ратаваць брата. Дзеці заблукалі, і пакуль шукалі дарогу дадому, сустрэлі на сваім шляху добрых і не вельмі загадкавых істот, патрапілі ў дом да бабулькі, якая апынулася чараўніцай, а пасля добры волат паказаў ім дарогу дадому.
Рэжысёр і аўтар сцэнарыя Алена Пяткевіч, 13 хвілін.
![Кадр з анімацыйнага фільма Нянюшкіны казкі Кадр з анімацыйнага фільма Нянюшкіны казкі - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102981/69/1029816907_0:0:1600:900_600x0_80_0_0_2cbd221defc4c13e82778b5ea878ef70.jpg)
Міжнародны фестываль "Залатая манета Канстанціна" за пяць гадоў свайго існавання стаў важнай падзеяй у галіне анімацыі для дзяцей, адным з прэстыжных форумаў, у якім прымаюць удзел як мультыплікатары-пачаткоўцы, так і прафесіяналы. Фестываль праводзіцца ў гонар рымскага імператара Канстанціна, які нарадзіўся ў Нішы.