МІНСК, 17 ліп — Sputnik. Па-летняму цёплае надвор'е ўсталюецца ў Беларусі з чацвярга 20 ліпеня, удзень паветра будзе прагравацца да +28°С, паведамілі Sputnik у панядзелак у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у аўторак у рэспубліцы чакаюцца кароткачасовыя дажджы, удзень тэмпература складзе ад +19 да +25°С.
У сераду 19 ліпеня ападкі магчымыя толькі ў асобных паўночна-ўсходніх раёнах, месцамі там прагрымяць навальніцы. Удзень тэрмометры пакажуць ад +17 да +24°С.
"Удзень у чацвер на паўднёвы захад краіны з Польшчы перамесціцца франтальны раздзел і пачне паступаць больш цёплае паветра", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што дажджы ўдзень верагодныя па паўднёвым захадзе Беларусі, а паветра прагрэецца да +28°С.