МІНСК, 18 ліп — Sputnik. Для беларускіх здраўніц было б выгадна, калі б тэрміны бязвізавага знаходжання для замежных турыстаў былі павялічаныя, заявіў на прэс-канферэнцыі ў аўторак у Мінску дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.
"На сённяшні дзень я магу прывесці адзінкавыя прыклады наведвання санаторна-курортных арганізацый бязвізавымі турыстамі — гэта наведванне па пуцёўцы выхаднога дня. Але ў дадзеным выпадку хутчэй вырашаецца пытанне размяшчэння — людзі, якія знаходзяцца да пяці сутак, выкарыстоўваюць санаторыі не як санаторна-курортную арганізацыю, а як месца для размяшчэння. Таму мы выступаем за павелічэнне тэрмінаў бязвізавага знаходжання", — заявіў Балбатоўскі.
Стандартная аздараўленчая праграма ў беларускіх здраўніцах разлічана на два тыдні.
Пакуль жа львіную долю замежных турыстаў у беларускіх санаторыях складаюць грамадзяне Расіі, хоць іх колькасць пакрысе зніжаецца.
"Усё роўна больш за 90% замежных гасцей у беларускіх санаторыях — гэта грамадзяне РФ. Аднак па выніках першага квартала мы бачым, што структура змяняецца ў бок павелічэння грамадзян іншых дзяржаў. І мы спадзяемся, што гэтая тэндэнцыя захаваецца", — сказаў Балбатоўскі.
Сярэдняя запаўняльнасць беларускіх здраўніц у першым паўгоддзі 2017 года склала 70%, прычым у летні перыяд, нягледзячы на надвор'е, санаторыі запоўненыя на 100%.