Гісторыя ля маёнтка старажытная: гісторыкі сцвярджаюць, што ў IX стагоддзі там было капішча, пазней, у XV стагоддзі, з'явілася сядзіба. Спачатку сядзібай валодаў князь Кіжгайла, пасля — Завішы, Сапегі, і да XVII стагоддзя Дукора перайшла да Агінскіх. А пры Лявоне Ашторпе Дукора стала сапраўдным культурным цэнтрам. Тут з'явіўся першы ў Беларусі стацыянарны цырк, стайня, у якой змяшчалася каля 300 элітных коней, велізарны археалагічны музей.
Чым прывабны адпачынак у Дукорскім маёнтку
"Дукорскі маёнтак" як турыстычны комплекс распачаў сваю працу 2 гады таму і адразу стаў папулярным сярод аматараў адпачынку на вольным паветры. На тэрыторыі былой сядзібы працуюць лазні, карчма, ганчарня, кузні. У Дукоры можна замовіць домік для адпачынку і папарыцца ў лазні. Побач — рэчка з празрыстай вадой. Але тут ёсць не толькі забаўляльныя пляцоўкі і пляцоўкі для актыўнага адпачынку (пейнтбол, вяровачны гарадок, стральба з луку), але і важкі гістарычны пазнавальны складнік.
Экскурсійная праграма ў маёнтку даволі шырокая, але распавядаецца яна не ў лічбах, гасцям прапануюць стаць удзельнікамі пэўнай гістарычнай эпохі — узяць удзел у гістарычных гульнях, пакрычаць, пагрукаць ды патанчыць.
Чалавек прыязжае ў Дукору на паўгадзіны, а застаецца на цэлы дзень. Тут ёсць усё, каб правесці выхадныя і ні пра што не клапаціцца.
"Падчас адкрыцця маёнтку мы разлічвалі на блізкасць Мінску і на туры выхаднога дня. Усё гэта працуе. У нас насычаная экскурсійная праграма і унікальны гістарычны складнік", — распавядае Сяргей Кузьменка.
Перакулены домік — толькі пачатак
У Дукоры любяць здіўляць. Адметнасць турыстычнага комплексу ў тым, што тут гісторыя і сучаснасць ідуць поруч, суседнічаюць з'явы, якія склаліся гістарычна, і рэчы, якія вынайшла адміністрацыя.
"На дадзены момант у нашым маёнтку ёсць дзве брэндавыя з'явы, якіх больш няма ў краіне — уязная брама (гістарычны складнік) і перакулены домік, які мы вырашылі дадаць у комплекс", — кажа суразмоўца Sputnik.
У "Дукорскім маёнтку" знаходзіцца вельмі цікавы атракцыён — перакулены домік, якіх у свеце толькі 6. На думку адміністрацыі турыстычнага комплексу, ён так і застанецца адзіным у Беларусі, таму што не так проста яго спраектаваць.
Людзі прыязжаюць да нас беднымі беларусамі, а пакідаюць маёнтак задаволенымі шляхцічамі.
"Ідэя прыйшла з Польшчы, дзе ўпершыню быў пабудаваны такога кшталту дом. Гэта ўжо потым яны пачалі з'яўляцца па Еўропе. Там ёсць хаткі, якія ўяўляюць сабой нешта фантастычнае, адметнасць нашага доміка ў тым, што ён — копія сапраўднага жылога дома, толькі перакуленага. Калі яго перакуліць назад, то ў ім можна жыць", — распавяёў Кузьменка.
Адметнасць беларускага доміка ў тым, што ён не толькі перакулены, але і нахілены, праз што ў яго наведвальнікаў можа блытацца прытомнасць.
"Такога да нас ніхто не рабіў. Кожны, хто здолеў прайсці домік цалкам — малайцы, бо шмат наведвальнікаў пакідаюць яго ўжо праз некалькі хвілін", — кажа суразмоўца Sputnik.
Дарэчы, такога кшталту дзівы былі распаўсюджаны ў маёнтках і пяць стагоддзяў таму, так склалася гістарычна — шляхцічы прывозілі ў свае сядзібы розныя цуды з усяго свету. У планах адміністрацыі дапоўніць комплекс якімі-небудзь незвычайнымі рэчамі.
"Домік, канешне, гэта добра. Але маскімум праз пяць гадоў, як кажуць, усе пабылі ды забылі. А хочацца яшчэ чаго-нібудзь адметнага. У нас ужо ёсць ідэі, і мы над імі працуем — рыхтуем для Дукоры унікальныя рэчы, аналагаў якім няма ў краіне", — падзяліўся дырэктар комплексу.
Першы беларускі цырк месціўся ў Дукоры
Сяргей Кузьменка таксама падзяліўся планамі на аддаленую будучыню — зладзіць у комплексе вялікі цыркавы оупэн-эір.
Справа ў тым, што гісторыя беларускага цырку зарадзілася менавіта ў Дукоры яшчэ ў XVI стагоддзі.
"Першы беларускі цырк быў створаны менавіта тут. І толькі гэта — ужо добрая нагода для правядзення тэматычнага фестывалю цырка-шапіто, напрыклад. Можна было б запрасіць артыстаў са Славакіі, Расіі, Польшчы і зладзіць вялікі двухдзённы open-air. Але гэта пакуль планы на далёкую будучыню", — распавёў суразмоўца агенцтва.
Яшчэ адна гістарычная адметнасць маёнтку — дукорская брама, якая з'яўляецца галоўным сімвалам сядзібы. Брама ў "Дукорскім маёнтку" — адна з нямногіх ацалелых пабудоў сядзібы мінулых стагоддзяў. На пяці яе ярусах неўзабаве будзе размешчана адна з тэматычных музейных экспазіцый, а сёння ў збудаванні наведвальнікі змогуць убачыць выставу фатаграфій беларускіх шляхецкіх брамаў, як Дукорскай, так і іншых, ацалелых па ўсёй краіне.
Паспрабуем адрадзіць беларускія святы
Як і ў большасці іншых музеяў пад адкрытым небам, у Дукоры святкуюцца беларускія народныя святы — Каляды, Купалле, Масленіца. Але адміністрацыя маёнтку мусіць пайсці далей і знайсці ўнікальны і адметны оупэн-эір, па якому б пазнавалі турыстычны комплекс.
Так, на тэрыторыі маёнтку сёлета ўпершыню быў праведзены фолк-фестываль "Купальскае кола", штогод адзначаецца фестывалем дзень нараджэння маёнтка "Дукорская брама", які прыпадае на святкаванне Купалля.
"Мы адзначаем традыцыйныя беларускія святы не таму, што так модна ці так робяць усе, а таму што так склалася гістарычна. Чаму тут знаходзіцца ганчарня? Таму што тут яна знаходзілася гістарычна. Ці чаму тут кузня? Таму што пяць стагоддзяў таму тут было тры кузні. Так і са святамі, якія святкаваліся ў кожным маёнтку. Гэта гістарычны факт", — распавёў Кузьменка.
У планах комплекса адзначаць не толькі найбольш значныя святы — Купалле, Каляды — але і папулярызаваць ужо амаль забытыя.
Мы пачалі падымаць гісторыю і прыйшлі да высновы, што на Беларусі ёсць святы, якія адзначаюць усе і святы, якія не адзначае ніхто. І мы падумалі, што няхай гэтыя святы былі не такімі маштабнымі, але гралі пэўную ролю ў жыцці народа. Чаму б іх не адрадзіць і не надаць ім уласны твар?
Першая спроба — паспрабаваць аднавіць восеньскае свята Багач.