МІНСК, 22 ліп — Sputnik. Задумка "абмяняцца" кварталамі паміж Мінскам і Піцерам з'явілася некалькі гадоў таму. Нядаўна абвешчаны творчы конкурс, падчас якога павінны вызначыць, якім быць піцерскаму кварталу ў Мінску і беларускаму — у горадзе на Няве.
Першапачаткова пры абмеркаванні будучай забудовы гаворка ішла ў асноўным аб знешнім абліччы (фасадах) будынкаў, на якіх павінны прысутнічаць нейкія нацыянальныя элементы. Цяпер вырашана, што трэба распрацоўваць не толькі архітэктурны вобраз, але і аб'ёмна-планіровачныя рашэнні (пэўнае размяшчэнне будынкаў, улік рэльефу), характэрныя для кожнай прафесійнай школы.
У беларускай сталіцы квартал па канцэпцыі архітэктараў Санкт-Пецярбурга плануецца будаваць у межах вуліц Сямашкі — Пятроўшчыны, непадалёк ад 9-й бальніцы. Цяпер ідзе падрыхтоўка тэрыторыі, трэба будзе адсяліць жыхароў некаторых сядзіб.
У горадзе на Няве беларускія дойліды запраектуюць жыллё на вольным участку ў раёне Палюстрава.
Архітэктары з Піцера ўжо агледзелі пляцоўку і ўдакладняюць некаторыя беларускія нарматывы. Візіт у адказ беларусаў адбудзецца ў бліжэйшы час.
Вырашана на абедзвюх тэрыторыях не ўключаць у конкурсны праект сацыяльныя ўстановы — дзіцячыя сады і школы, запраектаваны толькі дамы.