МІНСК, 23 ліп — Sputnik. Фестываль "Рок за Баброў" у 10 раз прайшоў на аэрадроме "Баравая" 22 ліпеня. Юбілейны оупэн-эір апынуўся разнастайным у сэнсе музычных кірункаў — на адну сцэну выходзілі поп-праект NaviВand і шалёныя панкі "Дай дарогу!", рэперы "Каста" і меланхалічны "Сплин".
Рыхтуючыся да фестывалю, арганізатары не толькі зладзілі моцны лайн-ап, але і зрабілі для гасцей усё магчымае, каб сумаць не даводзілася.
"Арганізатары гэтага фэсту разумеюць, як заняць гледача не толькі музыкай. Уся праблема ў арганізацыі кожнага фестывалю ў нас ва ўсе гады — дзякуй богу, зараз гэта змянілася. Прывёз ты артыста, і гуляйце сабе, дзякуй мне за гэта. Пачынаючы з мінулага года вялікі акцэнт робіцца на тым, што адбываецца на фестывалі акрамя канцэрту. 10-12 гадзін музыкі запар ні адзін арганізм не вытрымае. Чалавеку трэба і паесці, і "тусануцца" па-за музыкай", — распавёў напярэдадні фестывалю арганізатар "Рок за Баброў" Руслан Старыкоўскі ў студыі радыё Sputnik Беларусь.
І гэтая задума ў арганізатараў атрымалася — на фестывалі працаваў "Горад рока" з адмысловымі рокерскімі пляцоўкамі, якія прыйшліся да спадобы гасцям фестывалю настолькі, што для таго, каб заключыць шлюб з благаславення Элвіса Прэслі, сфатаграфавацца каля сценкі Цоя ці прайсціся па пешаходке Бітлз, ствараліся чэргі.
Аднак чэргі ствараліся і ў іншых месцах — спрадвечная праблема фестывалю з прыбіральнямі і чэргамі за ежай і сёлета, нажаль, засталася не вырашанай. Ячшэ адзін мінус юбілейнага фестывалю — перабоі з мабільнай сувяззю і адсутнасць інтэрнэту.
Але ні традыцыйныя для фестывалю чэргі, ні сувязь не заміналі публіцы, дарэчы, вельмі разнастайнай, атрымліваць асалоду ад гукаў любімых гуртоў.
Усе заяўленыя калектывы выступілі на ўзроўні. "Чайф" і "Каста" шмат кантактавалі з публікай. Шахрын, у прыватнасці, пажадаў пачуць "знакаміты беларускі хор" пад песню "Никто не услышит", і беларуская публіка яго не падвяла — з гуртом спявалі разам і тыя, хто вырас на песнях "Чайф", і самыя юныя госці фестывалю.
Выступленне ж гурта "Сплин", наадварот, падалося стрыманым і крыху скамечаным — гурт літаральна пагналі са сцэны, бо мусілі выходзіць ужо наступныя выканаўцы. Ну, а найвялікшы зарад энергетыкі, як і чакалася, выдалі, "Дай дарогу!", якія выступалі аднімі з першых, і Brutto начале з Міхалком, якія закрывалі фестываль.
Фестываль атрымаўся разнастайным па музыцы, таму частка гасцей прыязжала на выступленне пэўнага гурта — хто адарвацца пад "ДД", хто паплакаць пад "Сплин". Не гледзячы на тое, што фестываль распачаўся ў 15:00, у 20:00 людзі яшчэ падцягваліся да пляцоўкі. Паводле дадзеных СМІ, "Баравую" наведала больш за 20 тыс. чалавек, гэта без уліку тых, хто слухаў гурты па-за тэрыторыяй фестывалю, размясціўшыся на траве вакол агароджы.
"Рок за Баброў", такім чынам, распачаў эстафету піўных летніх фестываляў — на перадзе "А-фэст" і Leedbeer.