МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Гамяльчанін Ягор Дубовік атрымаў залаты медаль па выніках праведзенай у Рыа-дэ-Жанейра міжнароднай алімпіяды па матэматыцы, паведаміў гомельскі партал "Белка".
Беларускія школьнікі прывезлі ў рэспубліку мноства ўзнагарод з міжнародных прадметных алімпіяд, якія праходзілі ў апошнія тыдні ў розных краінах свету. Так, на міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра беларускія вучні атрымалі залатую, сярэбраную і чатыры бронзавыя ўзнагароды. Узнагароду вышэйшай пробы атрымаў выпускнік гомельскай гімназіі і першакурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Ягор Дубовік.
Дарэчы, у матэматычнай алімпіядзе Беларусь па суме месцаў заняла 14-е месца з больш чым ста краін, якія прынялі ўдзел у спаборніцтвах маладых матэматыкаў.
Як паведамілі ў Мінадукацыі рэспублікі, атрымалі высокія ўзнагароды беларусы і на міжнароднай алімпіядзе па фізіцы, якая праходзіла ў Інданезіі. Дадому школьнікі прывезлі некалькі срэбных і бронзавых медалёў.