МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Праваслаўныя паломнікі адправіліся ў 40-кіламетровы хрэсны ход у гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці, паведамілі ў БПЦ.
Гэта традыцыйны, штогадовы хрэсны ход, які праводзіцца 23 — 25 ліпеня, калі адзначаюцца святочныя дні, звязаныя са святыняй.
Хрэсны ход праводзіцца па блаславенні Праасвяшчэннейшага епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія.
"40-кіламетровы шлях багамольцаў ідзе ад храма Царскіх пакутнікаў у Магілёве да Спаса-Вазнясенскага манастыра ў пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна, дзе знаходзіцца цудатворны абраз", — паведамілі Sputnik у панядзелак у прэс-службе беларускага экзархата.
Паломнікі ідуць праз некалькі населеных пунктаў — Буйнічы, Сялец, Салтанаўка, Навасёлкі, Дашкаўка, Стайкі, Бароўка, Ляды, распавялі святары.
Баркалабаўскі абраз Божай Маці з'яўляецца адной з самых шанаваных праваслаўных святынь у Беларусі, спісы знаходзяцца ў многіх цэрквах.
Абраз асабліва праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Пасля 1920 года, калі манастыр быў зачынены, абраз захоўвалі вернікі. А напярэдадні Вялікадня 1953 года абраз прынеслі ў Свята-Траецкі храм Быхава, 25 ліпеня 2010 года старажытны абраз быў урачыста перанесены ў аднаўляемую Баркалабаўскую абіцель.