Вось ужо год, як у нашай краіне пачалі хаджэнне новыя рублі. За гэты час з імі ўжо паспелі здарыцца розныя казусы. Напрыклад, пасля дэнамінацыі Нацбанк вырашыў не выдаваць у абарот 200-кі і 500-кі з-за іх высокага наміналу. А нядаўна выявілася бракаваная 20-ка, на якой адсутнічала траціна неабходных літарных пазначэнняў, аднак экспертыза паказала, што яна сапраўдная.
Дарэчы, аб сапраўднасці. На працягу года не бяздзейнічалі і фальшываманетчыкі. Толькі за гэты перыяд праваахоўнікам стала вядома пра больш чым 70 фактаў падробкі грошай.
Карэспандэнт Sputnik Юлія Балакірава пабывала ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Беларусі і даведалася, якія банкноты "зайчыкаў" падрабляюць часцей за ўсё і хто яны — правапарушальнікі.
Грошы націралі воскам
Новыя беларускія рублі, аказваецца, адны з самых абароненых у свеце. А ўсё таму, што пры іх вытворчасці выкарысталі самыя сучасныя і "хітрыя" элементы, якія ў хатніх умовах немагчыма паўтарыць. І на гэта дзяржавай былі выдаткаваныя вялікія грошы.
У Дзяржкамітэце пералічваюць: па-першае, гэта элемент MASK — падвойная карцінка, якая сустракаецца на банкнотах ад 50 рублёў і вышэй у левай частцы асабовага боку. Верхняя яе частка бачная ў адлюстраваным святле, а ніжняя — на прасвет. Па-другое, выкарыстоўваецца краевугольны вадзяны знак у кутах банкноты ў выглядзе дыяганальных палос. Нацбанк вызначыў яго як дадатковы сродак абароны паперы, які рэдка сустракаецца ў іншых валютах.
Аднак як бы моцна грошы ні былі абаронены, іх усё роўна падрабляюць, адзначаюць у Дзяржкамітэце. Фальшываманецтва застаецца адным з небяспечных злачынстваў у сферы эканомікі ва ўсім свеце.
Першы выпадак падробкі банкнот адбыўся праз два тыдні пасля дэнамінацыі. "Ліпавую" 20-ку тады выявілі ў Глыбокім, адтуль жа быў і правапарушальнік.
Самым прагным (або спрытным) апынуўся фальшываманетчык з Гомеля. Ён вырабіў 43 падробных 10-рублёўкі. А самымі крэатыўнымі сталі два хлопцы з Фрунзенскага раёна Мінска. Першапачаткова грашовыя білеты былі крыва абрэзаны і без ахоўнай паласы. Пазней фальшываманетчыкі сталі прыляпляць ў якасці яе фальгу. А для надання неабходнай шчыльнасці і характэрнага храбусцення банкноту націралі воскам.
Тры ўзроўні абароны
Перад намі ляжаць дзве падробленыя банкноты — 20 і 50 беларускіх рублёў. Яны самыя папулярныя ў беларускіх падробнікаў. А "малююць" іх звычайна ў хатніх умовах.
Манеты жа падрабіць значна складаней, адзначаюць эксперты, таму фактаў парушэнняў у дачыненні да іх выяўлена не было.
"Раней падрабляць папяровыя грошы было дорага. Тады не было інтэрнэту і паўнавартаснай друкаванай тэхнікі. Для вырабу падробак патрабаваўся сканер і дарагое камп'ютэрнае абсталяванне", — распавядае галоўны эксперт аддзела ўлікаў паліграфічнай прадукцыі Дзяржкамітэта судовых экспертыз Павел Стальмашэнка.
Зараз жа выяву новых "зайчыкаў" можна знайсці ў інтэрнэце і ў любым памеры. Застаецца толькі націснуць на кнопку друкуючай прылады.
Звычайна "ліпавыя" банкноты раздрукоўваюць на прынтэрах. Але цяпер ёсць так званыя шматфункцыянальныя прылады (якія спалучаюць функцыі сканара і друкаркі), якія дазваляюць зрабіць дакладную копію.
Са свайго боку, вытворцы абсталявання і праграмнага забеспячэння спрабуюць перашкаджаць вырабу падробак. Пры спробе раздрукаваць або скапіяваць грашовы білет карыстальніку прыходзіць папярэджанне альбо выява раздрукоўваецца са скажэннямі або часткова. Але фальшываманетчыкі, у сваю чаргу, знаходзяць спосабы абыйсці гэтую абарону.
Сумнявацца ў сапраўднасці грашовых білетаў можа любы чалавек, а вось дакладны "дыягназ" паставіць эксперт.
У беларускай валюты ёсць тры ўзроўні абароны, распавядаюць у камітэце. Першы — тэхналагічны, калі пры вытворчасці паперы ўкараняюцца элементы абароны. Гэта валокны, ахоўныя палосы, вадзяныя знакі, якія вы, напэўна, бачылі.
Другі ўзровень абароны — паліграфічны. Выявы наносяцца на паперу рознымі спосабамі друку, надаючы рэльефнасць некаторым элементам, чым звычайна карыстаюцца невідушчыя і людзі са слабым зрокам.
Сюды ж можна аднесці і такі элемент, як сумяшчаючыяся лічбы наміналу. На 20-рублёўцы, напрыклад, гэта часткі лічбаў ліку "20", якія размяшчаюцца на пярэднім і адваротным баках. На прасвет яны сумяшчаюцца ў адзін лік без накладанняў і парываў. Злачынцы на гэтым элеменце часта "прагараюць", бо ў хатніх умовах дасягнуць такой дакладнасці сумяшчэння немагчыма.
Трэці ўзровень — фізіка-хімічны. Асобныя выявы на купюры свецяцца ва ўльтрафіялеце, іншыя — маюць магнітны складнік.
На даследаванні ў камітэце правяраюцца ўсе ўзроўні абароны. Для гэтага выкарыстоўваецца высокатэхналагічнае крыміналістычнае абсталяванне (пераважна айчыннай вытворчасці).
У лідэрах — 100-доларавая купюра
Аднак беларускія рублі — не самая распаўсюджаная падробка на тэрыторыі рэспублікі. У гэтым годзе было зарэгістравана больш за 400 фактаў фальшываманецтва, з якіх у большасці выпадкаў размова ішла аб доларах ЗША (каля 200) з-за іх слабай абароны і высокай папулярнасці ў свеце. Часцей за ўсё падрабляюць купюры наміналам 100 долараў.
Па звестках ГУБЭЗ МУС Беларусі, часцей "ліпавыя" грошы выяўляюць у фінансавых установах і аб'ектах гандлёвай сеткі. А збытчыкамі звычайна аказваюцца грамадзяне, якія не ведаюць пра тое, што купюра падробленая.
"Класічны выпадак — малады чалавек раздрукаваў банкноты, вечарам выскачыў пад краму, купіў нешта ў бабулі, а тая ўжо панесла ў краму", — кажа Павел Стальмашэнка.
Як правіла, вытворцаў падробленых беларускіх рублёў знаходзяць хутка. У якім раёне пачала хаджэнне "ліпавая" банкнота, там і пражывае той, хто яе "вырабіў".
Злачынцамі звычайна аказваюцца маладыя людзі, якія не ўсведамляюць, якое пакаранне ім за гэта пагражае.
"Чым натхнёныя гэтыя людзі, сказаць складана, бо я не псіхолаг. Але як распавёў адзін з мінскіх фальшываманетчыкаў, яму было проста цікава гэта зрабіць", — адзначае Павел Васільевіч.
За цікавасць хлопцу, па ўсёй бачнасці, прыйдзецца заплаціць немаленькі кошт. У Беларусі прадугледжана дастаткова жорсткае пакаранне за гэтае правапарушэнне. У адпаведнасці з артыкулам 221 КК РБ, гэта можа быць пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Калі ж чалавек прыцягваецца паўторна або дзейнічаў у складзе групы асоб, то ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.