МІНСК, 26 ліп — Sputnik. Непагадзь, якая панавала ў аўторак у шэрагу рэгіёнаў Беларусі, прывяла да шэрагу здарэнняў, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.
Моцны вецер, які суправаджаў навальніцу, пашкодзіў дахі двух жылых і шасці сельскагаспадарчых будынкаў у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і Клецкім раёне Мінскай вобласці, прывёў да падзення дрэў. Усяго было зафіксавана 17 выпадкаў, з іх большасць — у Брэсцкай вобласці. Два дрэва ўпалі і ў Мінску, прычым адно з іх — на аўтамабіль.
Яшчэ восем аўтамабіляў пацярпелі ад вады, іх напярэдадні ўвечары ў Мінску з зон падтапленняў даставалі супрацоўнікі МНС.
Праз моцны дождж і падтапленні ў сталіцы быў прыпынены рух грамадскага транспарту. Спыненне або абмежаванне руху назіралася на 14 участках дарог у розных частках горада. Закрануты апынуліся 37 тралейбусных і 22 аўтобусных маршрутаў. Яны былі вымушаныя прастойваць у чаканні нармальнай дарожнай абстаноўкі ад 25 хвілін да трох гадзін.
Падтопленымі апынуліся 26 жылых дамоў, а таксама 19 прыватных падворкаў і тры адміністрацыйныя будынкі ў Брэсцкай, Мінскай абласцях і сталіцы.
Афіцыйны прадстаўнік МНС дадаў, што выратавальнікі і работнікі іншых арганізацый правялі неабходныя работы па распілоўцы дрэў, якія ўпалі, і адпампоўцы вады. Працавала спецыяльная тэхніка "Гаррамаўтадара", ДВА "МГЖГ", экіпажы ДАІ. Аднаўленчыя работы працягваюцца, пацярпелых няма.
Акрамя таго, па дадзеных ДВА "Белэнерга", на працягу сутак на тэрыторыі рэспублікі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 283 населеных пунктаў. Адключэнні аператыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі. Па стане на 06:00 серады без электразабеспячэння застаюцца 37 населеных пунктаў у Брэсцкай і Мінскай абласцях.
У сваю чаргу, спецыялісты Белгідрамета паведамілі, што ў перыяды з 15:34 да 20:08 у раёне метэастанцыі Ганцавічы Брэсцкай вобласці выпала 51,6 мм ападкаў, і з 21:00 да 01:30 у раёне метэастанцыі Мінск выпала 52,1 мм ападкаў пры сярэднямесячнай норме па рэспубліцы 87 мм ападкаў.