МІНСК, 26 ліп — Sputnik. Сіноптыкі абвясцілі на сераду аранжавы ўзровень небяспекі. Яны прагназуюць на большай частцы тэрыторыі рэспублікі навальніцы, месцамі моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с.
Навальніца, якая суправаджалася моцным ліўнем і ветрам, напярэдадні ўвечары прывяла да падтаплення дамоў і вуліц у шэрагу раёнаў Брэсцкай і Мінскай абласцей. У Мінску на 14 участках дарог быў прыпынены рух грамадскага транспарту, а ратавальнікі дасталі з зоны падтапленняў 8 аўтамабіляў. Па дадзеных ДВА "Белэнерга", на раніцу без электразабеспячэння заставаліся 37 населеных пунктаў. Пры гэтым за пяць гадзін дажджу ў раёне метэастанцыі Мінск выпала 52,1 мм ападкаў. Пры сярэднямесячнай норме — 87 мм ападкаў.
Днём у сераду па рэспубліцы чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. На большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы, навальніцы, месцамі моцныя ліўні. Па ўсходзе краіны ў асобных раёнах град.
Вецер паўднёвы ўмераны, аднак, пры навальніцах у асобных раёнах магчыма шквалістае ўзмацненне ветру.
Тэмпература паветра максімальная днём ад +21°C па захадзе да +31°C па ўсходзе краіны.
У Мінску з верагоднасцю да 90% пройдзе кароткачасовы дождж і навальніца (верагоднасць 80-90%). Пры навальніцы месцамі магчыма шквалістае ўзмацненне ветру. Максімальная тэмпература паветра складзе +24..+26°C.