МІНСК, 27 ліп — Sptutnik. Аздараўленне 32 дзяцей з Японіі ў суправаджэнні васьмі дарослых будзе арганізавана ў жніўні ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня", паведамілі Sputnik у прэс-службе прэзідэнта Беларусі.
Аб выдзяленні сродкаў на адпачынак японскіх дзяцей распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў у чацвер.
"У праграму знаходжання японскіх дзяцей уключаны медыцынскае абследаванне, санаторна-аздараўленчыя паслугі, экскурсійна-культурныя мерапрыемствы ў Мінску і рэгіёнах краіны", — паведамілі падрабязнасці ў прэс-службе прэзідэнта.
Як нагадалі суразмоўцы Sputnik, адпачынак у Беларусі для дзяцей з пацярпелых ад стыхійных бедстваў 2011 года раёнаў Японіі арганізуецца штогод з 2012-га.
У Беларусі ўпэўненыя, што рэалізацыя праекта дапамагае садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж краінамі і фарміраванню сяброўскіх адносін паміж дзецьмі дзвюх краін.