МІНСК, 29 ліп — Sputnik. Галоўнай праблемай будучых выхадных стане знайсці адказ на пытанне не куды схадзіць, а як паспець. У Минску і ваколіцах на суботу і нядзелю анансавана вельмі шмат цікавых падзей, і трапіць хочацца на ўсе. Ну ці амаль на ўсе.
#ПРОНЕБО
Відовішчнае авіяшоў, паказальныя выступленні парашутыстаў і аглядныя палёты для гасцей абяцаюць арганізатары фестывалю авіяцыйнага спорту #ПРОНЕБО. У межах двух дзён фестывалю пройдуць адразу некалькі спаборніцтваў — Кубак свету і тэст-чэмпіянат свету па верталётным спорце. Госці змогуць убачыць, як лепшыя пілоты спаборнічаюць у гонках з грузамі, верталётным слаламе і фрыстайле, а таксама ў майстэрстве ў межах робат-рэйсінгу.
Акрамя таго, арганізатары вырашылі праверыць, і разам з тым паказаць гасцям, хто хутчэй справіцца з дыстанцыяй: верталёт у небе ці пазадарожнік на зямлі. А яшчэ будзе шмат музыкі, смачнасцяў на фудкорте і сюрпрызаў. Вечарам у суботу на Баравой у межах фестывалю ладзяць начное свячэнне паветраных шароў.
Хлеб і танга…
На Свята фінскага хлеба і танга запрашаюць мінчукоў да Ратушы ў суботу. Свята пройдзе ў межах 100-годдзя са дня дзяржаўнай незалежнасці Фінляндыі. З 13:00 на плошчы Свабоды можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах ад прафесіяналаў-хлебапёкаў — спячы ўласны хлеб ці зляпіць сваю кулінарную слодыч з масцікі.
Фіны абяцаюць і відовішчную культурную праграму: шмат танга ў выкананні лепшых танцораў, фокусы і нацыянальныя гульні. Можна будзе, да прыкладу, пазмагацца у "мелкю".
Арт-пікнік Freaky Summer Party
Шмат некамерцыйнай музыкі і інтэлектуальных размоў будзе гучаць у гэтыя выхадныя ў парку "Дрымлэнд". Тут пройдзе традыцыйны Арт-пікнік Freaky Summer Party
Арганізатары сцвярджаюць, што цяперашняя "вечарынка" будзе адрознівацца самым моцным міжнародным лайн-апам за ўсю гісторыю фестывалю. І па традыцыі — ніякай папсы. Перавага аддадзена індзі-року, электра, сінці-попу, пост-панку і эксперыментальнай музыцы.
Акрамя таго, запланавана некалькі культурных дыскусій: аб тым, што рабіць разумнаму чалавеку са сваім здароўем у горадзе, пра тое, як нажыць ворагаў і завесці сяброў і многім іншым.
Класіка ля Ратушы
Увечары ў суботу ля Ратушы па добрай летняй традыцыі будзе гучаць класіка. На гэты раз уражваць публіку будзе ансамбль ударных інструментаў Grig Percussion Group, канцэртны аркестр "Няміга" і квінтэт Jazzology. Звычайна яны граюць джаз, але ў гэты вечар выканаюць "эталонных класікаў" Іагана Себасцьяна Баха, Вольфганга Амадэя Моцарта, Людвіга ван Бетховена. Па словах арганізатараў, у джазавай апрацоўцы класічныя творы загучаць зусім па-іншаму, арыгінальна і непаўторна.
Дадаць фарбаў на Holi Fest
Паўдзельнічаць у Holi Battle — узброіцца фарбай пяшчоты і схадзіць сценка на сценку — можна будзе ў гэтую суботу ў сталічным парку імя Паўлава. Арганізатары Міжнароднага фестывалю фарбаў Hоli Fest абяцаюць яркія сюрпрызы для дарослых і дзіцячую зону з аніматарамі для дзяцей. У праграме фестывалю таксама — танцавальны майстар-клас і флэш-моб.
Дзень нараджэння Чэрвеньскага рынку
На Чэрвеньскім рынку ў гэтыя выхадныя адкрыюць Алею зорак. Нагода — дзень нараджэння рынку. З гэтай нагоды мінчукоў запрашаюць не толькі за пакупкамі, але і на вялікае свята. Абяцаюць паказальныя выступленні атлетаў і рэкардсменаў кнігі Гінеса ў межах Міжнароднага фестывалю гіравога спорту, выступленні артыстаў, дэгустацыю натуральных прадуктаў з Грэцыі, гульні, клаунады, конкурсы, падарункі і зніжкі, зразумела. Да 70%!
А на Алеі зорак увекавечаць не лепшых работнікаў і самых шчодрых пакупнікоў, як можна было б выказаць здагадку, а заснавальніка Чэрвеньскага рынку графа Чапскага, заснавальніка гіравога спорту ў Беларусі Якуба Чэхаўскага і легендарнага асілка Панцялея Філікідзі, які падымаў гіру вагой 81 кг адным мезенцам.