З пачатку жніўня ў Беларусі павялічваюцца дапамогі на дзяцей і пенсіі. Змены закрануць пошліны на нафту і нафтапрадукты — у бок памяншэння. Традыцыйна ў першы дзень месяца даражэюць цыгарэты, а аматары "закупаў" у Польшчы, нарэшце, дачакаліся зніжэння парогавай сумы для атрымання VAT.
Бюджэт пражытачнага мінімуму
З жніўня ў Беларусі падвышаецца бюджэт пражытковага мінімуму — да 31 кастрычніка ён складзе 197,57 рубля, або 101,62 долара ЗША па курсе на 1 жніўня. Рост абумоўлены павышэннем коштаў на прадукцыю новага ўраджаю, што, адпаведна, павялічыць артыкул выдаткаў на харчаванне.
Змены БПМ цягнуць за сабой і павелічэнне мінімальных працоўных пенсій і надбавак асобам, якія старэйшыя за 75 гадоў. Таксама вырастуць дапамогі на дзяцей і па догляду за інвалідамі і надбаўкі шэрагу іншых катэгорый грамадзян.
Паліць — даражэй
У чарговы раз пачатак месяца "б'е" па кашальку курцоў — у рэспубліцы з 1 жніўня выраслі цэны на тытунёвую прадукцыю, прадукцыю, якая вырабляецца завода "Нёман" і "Тытунь-інвест", так і імпартаваную "Беларусьгандлем".
Традыцыйна моцнага павышэння коштаў на цыгарэты няма — у сярэднім яны падаражэюць на 15 капеек. Да гэтага тытунёвая прадукцыя даражэла ў ліпені.
Пошліны на нафту
Беларусь з 1 жніўня знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжана з $80,9 да $74,4 за тону. Пошліна на прамагонны бензін — з $44,4 да $40,9 за тону, на таварныя бензіны — з $24,2 да $22,3 за тону.
Да гэтага пошліны змяняліся з 1 ліпеня, толькі ў бок павышэння.
На "закупы" з меншай сумай
Аматары шопінгу ў Польшчы з палёгкай уздыхнулі — зніжэнне парога сумы для выдачы чэка Tax Free нарэшце адбылося. Улады Польшчы планавалі зрабіць гэта яшчэ ў чэрвені, аднак з пачатку месяца крамы выдавалі VAT толькі пры куплі на 300 злотых, што выклікала здзіўленне многіх нашых суайчыннікаў.
З 1 жніўня вярнуць ПДВ ужо можна з пакупкі на 200 злотых, гэта пацвердзіў як польскі Мінфін, так і шматлікія крамы, якія з сярэдзіны ліпеня ўжо пачалі распаўсюджваць адпаведную інфармацыю.
Ільготы ў заапарк
На фоне ўсяго іншага некаторыя змены вырабіў і Мінскі заапарк — у цэнаўтварэнні. З 1 жніўня шматдзетныя сем'і змогуць набыць квіткі па зніжаных цэнах. Для гэтай катэгорыі сем'яў білет у заапарк з наведваннем акварыума, тэрарыума і экзатарыума патаннее на тры рублі (з 9 да 6 рублёў), адзіны білет у заапарк і дзінапарк — таксама на тры рублі (13 да 10), а дзецям да пяці гадоў — уваход вольны.
Ільгота прадастаўляецца толькі пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць шматдзетнасць сям'і, і пасведчання асобы.