МІНСК, 3 жні — Sputnik. Міжнародны фестываль "У госці да Лепельскага Цмока" адбудзецца 20 жніўня 2017 года ва Урочышчы Цмока (г. Лепель, гарадскі парк).
Тэрыторыя фестывалю будзе падзелена на адмысловыя пляцоўкі — музычны алімп, дзе цягам дня будуць выступаць музыкі, дзіцячы пагорак, дзе будуць распавядаць казкі і паказваць лялечныя спектаклі, музыкальная лагчына з майстар-класамі па танцах і спевах, даліна майстроў, дзе свае лепшыя вырабы прадставяць рамеснікі, кулінарны востраў з магіяй смаку ад лепшых кулінараў і інш.
"Фестываль набірае абароты, прыцягвае гасцей не толькі з Беларусі, але і з-за яе межаў. Каб ацаніць маштабы, мы ў гэтым годзе ўпершыню прыцягваем валанцёраў, якія, пагутарыўшы з гасцямі, высвятляць, адкуль аб фестывалі даведаюцца людзі, што іх прыцягнула ў Лепель, з якіх яны краін. Вядома, аб'яднаўчай фігурай праз музыку, тэксты, сімвалы і вобразы будзе Цмок — міфічная істота, адзін з варыянтаў дракона, які так ці інакш прысутнічае ў міфалогіі многіх народаў", — распавялі арганізатары фестывалю.
На канцэртнай пляцоўцы ў гэты дзень выступяць гурт "Рокаш", Сяржук Доўгушаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка і гурт "Палац", украінскі гурт TaRuta і шэраг іншых калектываў.