Яшчэ ў 2014 годзе па даручэнні былога прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча пытанне развіцця кемпінгаў у Беларусі ўздымалася на самым высокім узроўні. Тады вынікам абмеркавання стала прыняцце ў Беларусі, адзінай з усіх краін СНД, стандарту ў дачыненні да кемпінгаў, які супадае з еўрапейскім.
"Ёсць стандарт, але рух пакуль на гэтым і скончыўся. Хоць чыноўнікі і абвяшчаюць аб тым, што каля 30-ці кемпінгаў у Беларусі існуе. Так, ёсць стаянкі каля Дудутак, на Лініі Сталіна, але яны нашаму стандарту не адпавядаюць, а мы спрабуем трапіць у каталогі міжнародныя. Напрыклад, у адпаведнасці з патрабаваннямі нямецкага каталога, у краіне павінна быць не менш за 15 кемпінгаў, кожны аб'ёмам не менш за 40 аўтамабіляў. А ў нас ёсць адзін, які падыходзіць пад гэтыя вызначэнні, таму мы ні ў якія каталогі патрапіць не можам", — распавёў Руды.
У той жа час, на думку многіх экспертаў турыстычнай галіны, у Беларусі створана ўнікальная сітуацыя і небывалыя ўмовы для развіцця аўтамабільнага турызму.
"Усюды зямля каштуе вялізных грошай, і каб будаваць кемпінг, зямлю трэба набываць. У Беларусі ў адпаведнасці з пастановай №667 зямля пад кемпінгі вылучаецца без аўкцыёну бясплатна. Але, на жаль, з-за таго, што інфармацыі аб гэта мала, няма руху", — адзначыў Руды.
Галоўнай прычынай таго, што аўтатурызм ў Беларусі пакуль "у загоне", суразмоўца Sputnik назваў пытанне свабоды перамяшчэння ў краіну.
"11 ліпеня ў Беларусі прайшла вялікая міжнародная канферэнцыя па брэндынгу, і там падкрэслівалі, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы, акрамя вольнага доступу. Прэзідэнт Сусветнай турыстычнай арганізацыі Талеб Рыфаі казаў, што калі вы не можаце цалкам адмовіцца ад візаў, хоць бы зрабіце іх простымі або электроннымі", — распавёў Руды.
Акрамя таго, суразмоўца Sputnik адзначыў, што па назіраннях транзітных аўтатурыстаў, рашэнне аб увядзенні Беларуссю 5-дзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, якія прыязджаюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт, мае і негатыўныя наступствы.
"У адказ на гэтыя дзеянні нашай краіны Расія закрыла транзіт праз Беларусь аўтатурыстам. І іх колькасць зменшылася амаль да нуля. Не ведаю, які даход атрымала краіна ад прытоку турыстаў праз аэрапорт, але па транзіту быў відавочны заняпад. Таму такія дзеянні важна ўзгадняць", — рэзюмаваў Руды.
Пры гэтым, па словах суразмоўцы, у бліжэйшай перспектыве верагодныя змены да лепшага, паколькі у 2018 годзе Расія прыме чэмпіянат свету па футболе, і гэта падзея дасць стымул вырашаць пытанне і з аўтатурыстамі, якія, магчыма, захочуць прыехаць у Расію транзітам праз Беларусь.