МІНСК, 8 жні — Sputnik. Былы ўдзельнік гурта "Король и Шут" Андрэй Князеў і праект KняZz едуць у Мінск з адмысловай праграмай "Будь как дома, путник". Дата выступлення абрана не выпадкова — 7 жніўня прыхільнікі гурта "Король и Шут" адзначылі 44-ты дзень нараджэння яго лідэра і заснавальніка Міхаіла Гаршанёва, якога не стала 19 ліпеня 2013-га.
"7-га жніўня Міхаілу Гаршанёву магло б споўніцца 44 гады. Гэта чалавек, чыя творчасць аказала вялізны ўплыў на ўсю расійскую музычную рок-сцэну. "Король и Шут" пагрузіў нас у свет асаблівых гісторый і казак, якія мала каго пакінулі абыякавымі да творчасці групы. І хоць ужо 4 гады яго няма з намі, спадчына, пакінутая ім, да гэтага часу жыве ў нашых плэерах", — пісалі прыхільнікі гурта ў сацсетках у дзень смерці артыста.
На кожным сваім канцэрце Князеў узгадвае свайго калегу па гурту — распавядае гісторыі з сумеснай творчай біяграфіі і выконвае песні, якія напісаў разам з Гаршанёвым. Аўтарству Князева належыць большая частка тэкстаў і больш за палову музыкі "Короля и Шута". На сцэне Андрэй выконваў іх сумесна з Міхаілам.
Штогод пасля смерці артыста 19-га ліпеня (дзень смерці) і 7-га жніўня (дзень нараджэння) у Санкт-Пецярбургу, адкуль родам музыка, праходзяць памятныя канцэрты. У іх прымаюць удзел гурты, чыя творчасць у свой час была звязана з гуртом "Король и Шут", і музыкі, якія неабыякавыя да творчасці артыста — "Кукрыниксы", КняZz, "Слот", былыя музыкі "Короля и Шута" і нават дачка Гаршанёва Аляксандра.
Праводзяцца вечары памяці і ў беларускай сталіцы. Так, штогод, пачынаючы з 2014-га, у дзень смерці артыста вялікі канцэрт дае гурт "ПараЛель", вакаліст якога вядомы сваім падабенствам з Міхаілам Гаршанёвым.
Сёлета 19-га ліпеня да "ПараЛели" далучыўся малады гурт Fibi.
Кавер-бэнд 5 O'Clock любяць не толькі за якасны гук і моцнае выкананне, але і за песні "Короля и Шута" ў рэпертуары.
Выступленне гурта "Омут" на вечарыне памяці Міхаіла Гаршанёва.
Канцэрт гурта КняZz з праграмай "Будь как дома, путник" адбудзецца 9 жніўня ў сталічным клубе Re: Public; пачатак а 19-й гадзіне; кошт квіткоў — ад 50 рублёў.