Некалькі дзясяткаў гнёздаў ластавак з птушанятамі разбурана ў Мінску

© PixabayЛастаўкі
Ластаўкі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнографы адзначылі, што ў народзе да ластавак было заўсёды асаблівае стаўленне і існавала строгая забарона на разбурэнне гнёздаў гэтых прыгожых птушак.

МІНСК, 10 жні — Sputnik. Прамысловыя альпіністы збілі з вышыннага будынка ў прэстыжным раёне беларускай сталіцы некалькі дзясяткаў гнёздаў гарадскіх ластавак. Мёртвых птушанят на асфальце выявілі жыхары дома, паведамілі ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).

Жыхары аднаго з дамоў на вуліцы Ціхай у раёне "Мінск-Арэна — Дразды" выклікалі будаўнікоў-альпіністаў, каб тыя пафарбавалі фасад будынка шматпавярховага дома. Пасля таго, як яны завяршылі працу, мінчукі, што пражываюць у гэтым доме, сабралі мёртвых птушанят і напісалі заяву ў міліцыю.

"Падчас рамонту фасада дома альпіністы збілі гнёзды гарадскіх ластавак. А жыхароў, якія сабралі грошы на рамонт, чакаў асфальт з мёртвымі птушанятамі", — паведамілі ў АПБ.

Арнітолагі, да якіх пасля здарэння звярнуліся жыхары гэтага дома, распавялі, што быў выкліканы ветэрынар: "Доктар агледзеў мёртвых птушак і сказаў, што калі б пачакалі тыдзень, птушаняты б адужэлі і самі вылецелі з гнёздаў".

Са слоў арнітолагаў, на вуліцы Ціхай загінулі некалькі дзясяткаў птушанят, траіх атрымалася выратаваць, іх выходжваюць жыхары дома.

Адна з жыхарак дома падала заяву ў міліцыю, там заяву і фота мёртвых птушанят на асфальце прынялі і абяцалі разгледзець ва ўстаноўленыя тэрміны, сказалі ў АПБ.

Як распавялі Sputnik этнографы, у народзе да ластавак заўсёды было асаблівае стаўленне. З гэтай птушкай звязана шмат прыкмет. Лічылася, калі ластаўкі звілі гняздо пад дахам дома — то у ім жывуць добрыя людзі.

"Людзі ведалі, што разбураць гнёзды ластавак у ніякім выпадку нельга, а тым больш забіваць гэтых птушак. Лічылася, што таго, хто гэта зробіць, будуць пераследваць няўдачы і беды", — адзначылі суразмоўцы Sputnik.

Стужка навiн
0