Вядома, што гісторыя беларускай дуды пачалася яшчэ ў старажытнасці, музычны інструмент выкарыстоўвалі падчас мноства абрадаў — вяселля, хрэсьбінаў, пахавання ды іншых. Часам, кажуць, гук дуды нават меў нейкі магічны ўплыў на тых, хто яго чуў.
"Я магу толькі казаць з пазіцыі навукі і асабістых суб'ектыўных перажыванняў. Так, сапраўды, ёсць пэўнае яднанне з гэтым інструментам, і вібрацыі, якія ідуць па ўсім корпусе дуды, перадаюцца на цела выканаўцы, і ўсе дудары свету граюць на дудзе пад левую руку. Ёсць гіпотэзы, чаму так, і мне падабаецца тая, што кажа, што ідзе пэўная стымуляцыя сэрца", — распавядае Сурба.
Таксама суразмоўца падзяліўся цікавым назіраннем: слухачы падзяляюцца на дзве катэгорыі — тых, хто ўвогуле не ўспрымае дуду, бо для іх гук музычнага інструмента здаецца нейкім дысанансам і нават шумам, а вось другая катэгорыя людзей вельмі бударажыцца. Мабыць, у іх будзіцца пэўная генетычная памяць, выказвае здагадку даследчык.
Тым часам, у беларускай дударскай суполцы зараз вядзецца актыўная гутарка пра тое, што беларуская дуда можа патрапіць у спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
"Дадзеных хапае, каб уключыць дуду ў спіс ЮНЕСКА, ідзе збор матэрыяла. Там вельмі шмат пунктаў, якія трэба выканаць. Гэта наяўнасць этнаграфічных сведчанняў, навуковых прац і публікацый, наяўнасць сучаснай традыцыі, фестывальнага руху, перадачы майстэрства ад майстра да вучня, і гэта музычнае выканальніцтва", — адзначае Сурба.
Усе пералічаныя пункты павінны быць зафіксаваны на фота і відэа, таксама ў краіне павінен быць зняты папулярны фільм на гэтую тэму. Увесь пакет дакументаў зараз рыхтуецца, удакладняе даследчык.
"Канешне, такіх відавочных дывідэндаў гэтая падзея не дасць. Дуды не будуць гучаць на кожным фестывалі і ў кожным пераходзе, але для захавання гэтага феномена і папулярызацыі яго ў свеце гэта вельмі важна. Мне падаецца, што будуць пэўныя вынікі крыху паздней, праз 5-10 гадоў пасля ўключэння ў спіс ЮНЕСКА", — кажа Сурба.
Гутарку з кандыдатам мастацтвазнаўства, выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, майстрам дуды Аляксандрам Сурбой слухайце на радыё Sputnik Беларусь.