На чэмпіянат Еўропы па ручной касьбе нізінных балот у рэспубліканскім біялагічным заказніку "Спораўскі" прыехалі ў гэтым годзе 32 каманды, прычым пяць з іх — жаночыя. Касіць — праца нялёгкая. Тым больш што ўдзельнікам трэба было касіць высокую балотную траву, якая расце на купінах.
Спаборніцтвы праходзілі на лузе каля вёскі Высокае. Для кожнага ўдзельніка выдзелілі ўчастак 3 м на 100 м. Яго трэба не проста хутчэй за ўсіх прайсці, але і чысцей.
Але галоўная мэта "Спораўскіх сенажацяў" — экалагічная. Фестываль закліканы прыцягнуць увагу да праблемы захаванасці нізінных балот. Заказнік — унікальная тэрыторыя, дзе знаходзяцца рэдкія птушкі і жывёлы. З-за зменаў клімату і нерацыянальнага выкарыстання зямель нізінныя балоты зарастаюць, іх абавязкова трэба выкошваць.
Акрамя спаборніцтва па касьбе фестываль традыцыйна запрашае пагуляць у футбол на балоце. Глядзіце ў фотастужцы Sputnik кадры са "Спораўскіх сенажацяў".