МІНСК, 15 жні — Sputnik. Вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў прапануюць абмеркаваць у Беларусі, заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Васіль Жарко пасля рабочай сустрэчы па пытаннях адукацыі з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.
Беларусь перайшла на дзесяцібальную сістэму адзнак дзесяць гадоў таму, і з тых часоў, cа слоў чыноўнікаў, застаецца шэраг пытанняў.
"Шмат пытанняў стаіць па дзесяцібальнай сістэме. Гэта і часам бывае суб'ектывізм у ацэнцы. І ў нас няма нездавальняючай ацэнкі. Таму што адзін бал — гэта таксама ацэнка ведаў", — сказаў Жарко.
Са слоў віцэ-прэм'ера, пры пяцібальнай сістэме ўсе разумелі, што адзінка і двойка — нездавальняючыя ацэнкі. "Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці. Можа быць, і вярнуцца да пяцібальнай сістэмы", — паведаміў Жарко.
"Каб кожны разумеў: чатыры, значыць, чатыры. Пяць, значыць — выдатнік. Няма суб'ектывізму. Што такое 4 з мінусам, 4 і 4 з плюсам — 6, 7, 8. Дзе мяжа паміж шасцёркай і сямёркай, сямёркай і васьмёркай?" — задаўся пытаннем віцэ-прэм'ер, яго словы перадае БелТА.
Прэзідэнт, выслухаўшы прапанову чыноўнікаў, выказаўся за падрабязнае і шырокае абмеркаванне праблемы.