МІНСК, 15 жні — Sputnik. Дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі падтрымалі ініцыятыву заснаваць у Беларусі Дзень бацькі, паведаміла намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.
Пытанне ўвядзення новага дзяржаўнага свята абмяркоўвалася ў рамках Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці на 2017-2020 гады. Дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі, пасля шматлікіх апытанняў, падтрымалі такое новаўвядзенне.
Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіў апытанне аб мэтазгоднасці ўвядзення ў Беларусі Дня бацькі. За гэта выказаліся 43,7% удзельнікаў сацапытання. Больш за 30% рэспандэнтаў лічаць, што можна святкаваць Дзень бацькі неафіцыйна.
А вось калі будуць адзначаць Дзень бацькі ў Беларусі, пакуль не вырашана. Многія прапануюць аб'яднаць свята з Міжнародным днём бацькі, які адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.
Першай святкаваць дзень бацькі прапанавала місіс Дод са штата Вашынгтон у ЗША, чый бацька, Уільям Смарт, самастойна гадаваў шасцярых дзяцей, страціўшы жонку. Упершыню святкаванне адбылося 19 чэрвеня 1910 года. Ініцыятар свята хацела выказаць удзячнасць свайму бацьку, а ў яго асобе — усім клапатлівым бацькам Амерыкі, якія ўдзельнічаюць у выхаванні дзяцей.
Нацыянальным святам гэты дзень у ЗША стаў у 1966 годзе, у год, калі прэзідэнт ЗША Ліндан Джонсан абвясціў трэцюю нядзелю чэрвеня нацыянальным святам. А пазней і іншыя краіны прынялі гэты дзень як дату ўшанавання бацькоў.
У Беларусі дата правядзення Дня бацькі хоць і не замацавана афіцыйна, але ўжо пяць гадоў запар у сталічным парку Горкага бацькі і дзеці далучаюцца да міжнароднага свята. Упершыню ў Мінску акцыя для тат прайшла ў чэрвені 2013 года, выклікала цікавасць наведвальнікаў і з тых часоў паўтараецца штогод.