МІНСК, 15 жні — Sputnik. Новы квэст-тэатр "Узлом рэальнасці", на стыку мастацтва і псіхалогіі, запрацуе на пачатку верасня на базе Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, паведамілі ў НЦСМ.
Галоўныя мэты праекта — дазволіць выступіць на сцэне людзям, якія не навучаліся акцёрскаму майстэрству ў ВНУ, і даць ім магчымасць, памяняўшы ход сюжэту тэатральнай драмы, зразумець, як паводзіць сябе ў крытычных сітуацыях, лепш пазнаць сябе і навакольных.
"У працэсе кожнага спектакля, па меры ўключэння ў арыгінальную рэжысёрскую задуму, удзельнікам-акцёрам дазваляецца перамяшчацца па сцэне, танцаваць, спяваць, пераапранацца — словам, імправізаваць як душы заўгодна", — распавялі ў НЦСМ.
Там таксама адзначылі, што параўноўваць "Узлом рэальнасці" з форум-тэатрам не зусім карэктна. У апошнім гледачы задзейнічаны толькі ў частцы пастаноўкі, а тут адыгрываюць ролю ад пачатку і да канца. Больш таго — прымяраюць на сябе розныя амплуа.
Аналагаў такога фармату ў Беларусі няма. Гэта цалкам інтэрактыўны спектакль, ад завязкі да кульмінацыі, дзе гледачы, яны ж акцёры, прымяраюць на сябе вобразы знаёмых герояў. Дзякуючы такому пераўвасабленню яны перажываюць сітуацыю глыбей, чым калі б проста глядзелі пастаноўку, вырашаюць канфлікты і знаходзяць выхад з драматычных калізій.
Першыя пастаноўкі, у ліку якіх "Траянскі сіндром" і "Лятучы галандзец", у ДК МАЗ пачнуцца ўжо ў верасні і на працягу года будуць удасканальвацца на базе НЦСМ з прыцягненнем спецыялістаў у розных галінах мастацтваў.