Лідэра гурта "Кино" Віктара Цоя нельга назваць адкрытым чалавекам — хутчэй, ён быў чалавекам у сабе, і менавіта гэты яго стан потым выліваўся ў нейкія адкрытыя рэчы на канцэртах, лічыць беларускі музыка, вядучы радыё Sputnik Беларусь Аляксандр Памідораў, які некалькі разоў сустракаўся з Цоем.
Спявак Віктар Цой загінуў у аўтамабільнай катастрофе 15 жніўня 1990 года на 35-м кіламетры трасы Слока-Талса ў Латвіі. Згодна з афіцыйнай версіяй, Цой заснуў за рулём, пасля чаго яго "Масквіч 2141" вылецеў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтобусам "Ікарус-250".
"Канцэрт "Кино" ў Мінску быў знакавай падзеяй. Тое, што адбываецца на сцэне, транслявалася на дынамікі — вядома, была затрымка гуку, было складана разабраць асобныя словы. Але навошта іх разбіраць, калі ўсе ведалі песні на памяць… Танчылі ўсе — і прыгнаныя на стадыён салдаты, і ахоўнікі-міліцыянты, і гэта была эйфарыя", — успамінае Памідораў.