МІНСК, 16 жні — Sputnik. Міністэрства адукацыі Беларусі паказала зацверджаныя на наступны навучальны год вокладкі школьных дзённікаў.
Профільнае міністэрства штогод узгадняе вокладкі школьных дзённікаў, якія выдаюцца ў Беларусі. Выкарыстоўваць надрукаваныя за мяжой ці "прыватнікамі" дзённікі з няўзгодненымі вокладкамі (прынцэсамі, машынкамі, супергероямі і г. д.) нельга.
У пераліку зацверджаных Мінадукацыі формаў дзённікаў на 2017/2018 навучальны год — амаль тры дзясяткі варыяцый. Выдаўцамі дзённікаў выступілі некалькі друкарняў па ўсёй краіне: ад ААТ "Палесдрук" да ААТ "Паліграфкамбінат ім. Я. Коласа".
Усе выявы на вокладках так ці інакш звязаны з Беларуссю — традыцыйна на іх з'яўляецца малюнак Нацыянальнай бібліятэкі, плошчы Перамогі ў Мінску, контур рэспублікі з каласамі і першадрукар Францыск Скарына.
Змены ў выгляд школьных дзённікаў прапануюць рэдка, аднак у гэтым навучальным годзе школьнікі змогуць набыць сабе стылёвыя дзённікі з чырвонай або сіняй вышыванкай — нацыянальным беларускім арнаментам.
Калі класны кіраўнік яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага года не паведаміў аб неабходнасці купляць канкрэтны школьны дзённік, вучань можа прыходзіць з любым з зацверджаных Мінадукацыі.
У перспектыве беларускія чыноўнікі плануюць пераходзіць на "электронныя дзённікі", аднак пакуль такая магчымасць ёсць толькі ў школах, якія супрацоўнічаюць з адпаведнымі прыватнымі фірмамі на платнай аснове. Тэрміны масавага пераходу школ на сістэму электронных дзённікаў не пазначаныя.
Поўны пералік зацверджаных да 2017/2018 навучальнага года дзённікаў можна паглядзець на сайце Мінадукацыі.