МІНСК, 18 жні — Sputnik. Бюджэтныя месцы ў сярэдніх спецыяльных установах Беларусі ў гэтым годзе запоўнены на 99,5%, паведаміла журналістам у пятніцу кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Таццяна Караткевіч.
Беларускія чыноўнікі плануюць зрабіць атрыманне сярэдняй адукацыі абавязковым — пасля дзевятага класа беларусы будуць абавязаны або скончыць 11 класаў, або адвучыцца ў ССНУ ці ПТВ.
Разам з тым плануецца скарачаць набор у вышэйшыя навучальныя ўстановы і павялічваць у сярэднія спецыяльныя. У 2017-м у ССНУ планавалі прыняць 39 тысяч чалавек, з іх 24 тысячы — на бюджэт.
Як адзначыла Караткевіч, план прыёму ў цэлым выканалі на 97,1%. Бюджэтныя месцы запоўненыя на 99,5%. У параўнанні з мінулым годам гэтыя паказчыкі выраслі, запэўнілі чыноўнікі Мінадукацыі.
У гэтым годзе самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў былі правазнаўства, фатаграфія, аўтасэрвіс. Цікавіліся таксама педагагічнымі, медыцынскімі і высокатэхналагічнымі спецыяльнасцямі.
Уступная кампанія ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы завяршылася 17 жніўня. З кастрычніка па канец лістапада будуць прымаць дакументы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і завочнае аддзяленне.