МІНСК, 21 жні — Sputnik. Выстава "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі", прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, адкрыецца 31 жніўня, паведамілі Sputnik у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
"Дзейнасць Францыска Скарыны аказала велізарны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства на тэрыторыі Беларусі, ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах, таму экспазіцыя "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі" дае магчымасць зазірнуць у свет старадаўніх і рэдкіх выданняў з друкарняў Полацка, Нясвіжа, Гродна, Магілёва, Вільні", — патлумачылі арганізатары.
Наведвальнікі музея змогуць зазірнуць у Віленскую друкарню і ўбачыць адзіны ў Беларусі вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага — Статут ВКЛ 1588 г. Кніга была выдадзена на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў (Вільня). Тысячы Статутаў, якімі карысталіся нашы продкі, былі страчаны, але ў 2012 годзе, дзякуючы ахвяраванням, адзін з асобнікаў быў выкуплены. Вяртанне на радзіму знакавага выдання стала працягам шматвяковай традыцыі мецэнатства на Беларусі.
"Адкрыццём для гасцей стануць рэдкія выданні Магілёўскай кансісторскай друкарні XVIII cт. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія будуць выстаўлены ўпершыню, а таксама паменшаная копія друкарскага станка часоў Скарыны, зробленая вучнем мінскай гімназіі — Маркам Кодзеневым", — распавялі ў музеі.