МІНСК, 29 жні — Sputnik. Самыя радыеактыўныя грыбы растуць у Бярэзінскім, Чэрыкаўскім, Столінскім і Лельчыцкім раёнах, паведамілі Sputnik у ДУ "Беллесахова".
Традыцыйна летам радыелагі лясгасаў праводзяць работы ў лясах па вывучэнні забруджвання грыбоў і ягад. Параўнанне вынікаў радыяцыйнага кантролю на працягу апошніх пяці гадоў паказвае, што ўтрыманне цэзія-137 у ягадах і грыбах паступова памяншаецца. Гэта тлумачыцца яго натуральным радыеактыўным распадам, зніжэннем рухомасці ў глебе.
"Пры агульнай тэндэнцыі да змяншэння актыўнасці радыенуклідаў у лясной прадукцыі забруджванне ягад цэзіем-137 захоўваюцца — да 28% чарніцы ад усіх правераных у год перавышаюць дапушчальны ўзровень", — сказалі ў Беллесахове.
Для грыбоў гэты паказчык вышэй — цэзіем забруджаныя да 37% свежых грыбоў ад усіх правераных у год.
"Высокія ўзроўні ўтрымання цэзія-137 у грыбах былі зафіксаваныя ў шмат якіх лясгасах", — удакладнілі суразмоўцы Sputnik.
Па іх словах, самыя небяспечныя грыбы растуць у Чэрыкаўскім (Магілёўская вобласць, 2148 Бк/кг у сыраежках), Бярэзінскім (Мінская вобласць, 3380 Бк/кг у сыраежках), Лельчыцкім (Гомельская вобласць, 6851 Бк/кг у белых грыбах), Столінскім (Брэсцкая вобласць, 5200 Бк/кг у лісічках).
Ва ўстанове нагадалі, што інфармацыю пра забруджванне лясоў цэзіем-137, аб узроўнях ўтрымання радыенуклідаў у ягадах і грыбах можна атрымаць на сайтах лясгасаў у спецыяльным раздзеле "Радыяцыйны кантроль".