МІНСК, 2 вер — Sputnik. Цырымонія падпісання кантракта паміж Мінскам і Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў адбылася ў беларускай сталіцы 1 верасня, паведамілі Sputnik у Нацыянальным алімпійскім камітэце.
Другія Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску ў 2019 годзе на некалькіх пляцоўках — Мінск-Арэне, абноўленым стадыёне "Дынама", Чыжоўка-Арэне і іншых.
Паводле інфармацыі НАК, з боку Мінска подпіс пад кантрактам паставіў мінскі мэр Андрэй Шорац, кіраўнік Мінспорту Аляксандр Шамко і першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, з боку ЕАК — в.а. прэзідэнта гэтай арганізацыі Янэз Качыянчыч, дырэктар фонду другіх Еўрагульняў Георгій Катулін, генеральны сакратар ЕАК Рафаэле Паньёцы.
Мінск быў абраны сталіцай II Еўрагульняў у кастрычніку 2016 года на пасяджэнні Генасамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу правесці першынство на вышэйшым узроўні. Плануецца, што ў Мінск на гульні прыбудуць каля чатырох тысяч спартоўцаў. У праграму будуць уключаны 15 відаў спорту.
Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі ў Баку ў 2015 годзе. Беларускія спартсмены заваявалі 43 медалі: 10 залатых, 11 срэбраных і 22 бронзавыя. У медальным заліку зборная Беларусі заняла сёмае месца.