МІНСК, 5 вер — Sputnik. На афіцыйнай старонцы фестывалю Vulica Brasil у Instagram з'явілася відэа з цягніком Мінскага метрапалітэна, адзін з вагонаў якога ўпрыгожылі малюнкам бразільскія мастакі.
Паведамляецца, што ўбачыць абноўлены транспартны сродак можна на Аўтазаводскай лініі.
"Гэта сапраўды здарылася. Вагон вандруе па другой лініі метро", — напісана пад відэа.
У СМІ пісалі, што вагон цягніка ўпрыгожылі малюнкам бразільскія вулічныя мастакі ў рамках фестывалю Vulica Brasil. Абноўлены транспартны сродак пусцілі ў панядзелак.
Паводле інфармацыі карыстальніка сацсеткі Nicolas Gibbon, у панядзелак цягнік хадзіў з 06:40 да 09:00 і з 16:30 да 21:30.
Vulica Brasil — беларуска-бразільскі фестываль урбан-арта, які прайшоў у Мінску ўжо чатыры разы запар. Падчас творчага мерапрыемства бразільскія мастакі ствараюць для горада і гараджан новыя працы — муралы.