МІНСК, 6 вер — Sputnik. Увечары 5 верасня выратавальнікам паступіла паведамленне пра судна, якое села на мель на рацэ Днепр каля вёскі Бурая Дубровенскага раёна, паведамілі Sputnik у Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Судна села на мель у 10 м ад берага. Яхта даўжынёй 10 м, вагой 6 тон належыць грамадзяніну Нарвегіі, на борце знаходзяцца трое мужчын — усе грамадзяне Нарвегіі, адзін з іх гаворыць на рускай мове.
"Поводле іх слоў, яны рухаліся па рацэ Днепр з боку Смаленска у напрамку Турэцкай Рэспублікі, праз Украіну і Чорнае мора", — дадалі ў МНС.
Выратавальнікі адзначылі, што "ад прапанаванай ім ежы, адзення і месца начлегу адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ўсе неабходныя ўмовы і прадукты харчавання ў іх маюцца".
"Было прынята рашэнне праводзіць зняцце яхты з мелі ў светлы час сутак. У цяперашні час вядуцца падрыхтоўчыя працы, замежныя грамадзяне адчуваюць сябе добра", — рэзюмавалі ў МНС.