МІНСК, 7 вер — Sputnik. Хакейны клуб "Дынама-Мінск" атрымаў першую перамогу ў бягучым чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі: на выездзе сталічныя хакеісты абыгралі ХК "Сочы".
Сустрэча, якая прайшла ў сераду ў Алімпійскім парку ў Сочы, завяршылася з лікам 4:2 на карысць мінчан.
У "Дынама" галамі адзначыліся Аляксандр Кітараў (32-я хвіліна), Джасцін Фантэйн (33-я і 51-я) і Роб Клінкхамер (47-я). У сочынскай каманды шайбы забілі Аляксей Цвяткоў (3) і Вадзім Шчагалькоў (35).
Конец матча! Это победааааааа!!! Столь нужная и долгожданная! На очереди Нижний! Между первой и второй… #намроднаякоманда
— ХК Динамо-Минск (@hc_dinamominsk) 6 сентября 2017 г.
Мінчане стартавалі ў дзесятым сезоне КХЛ 23 жніўня. "Зубры" правялі на старце рэгулярнага чэмпіянату шэсць няўдалых матчаў і сталі рэкардсменамі па штрафным хвілінах.
Зараз мінскае "Дынама" па-ранейшаму знаходзіцца на 13-м радку заходняга дывізіёна КХЛ — пасля сямі гульняў каманда набрала ўсяго 5 ачкоў. Такую ж колькасць ачкоў маюць рыжскія дынамаўцы, але ў іх лепш статыстыка па выйграных матчах.
Мінскае "Дынама", якое атрымала першую перамогу ў сезоне пасля шасці паражэнняў запар, 8 верасня на выездзе сустрэнецца з ніжагародскім "Тарпеда".