БДУ стане першай беларускай ВНУ, дзе пройдзе Кубак Еўропы па інтэлектуальных гульнях. Раней традыцыйным месцам правядзення еўрапейскага інтэлектуальнага спаборніцтва з'яўляўся Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, у апошнія два гады фінал чэмпіянату праходзіў у Віцебску.
Намеснік дырэктара "Беларускай лігі інтэлектуальных каманд" Іван Тапчый і кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў БДУ Дзмітрый Штукацер распавялі радыё Sputnik Беларусь падрабязнасці будучага інтэлектуальнага турніру.
"Раней у нас не было вопыту правядзення такіх маштабных спаборніцтваў, цяпер такі вопыт ёсць. У нас будзе 4 гульні. "Што? Дзе? Калі?" — гэта галоўная гульня. Яшчэ дзве гульні, якія знаёмыя слухачам па тэлеэфіру, гэта "Брэйн-рынг" і "Свая гульня". І чацвёртая гульня, якая папулярная ў асяроддзі інтэлектуальных гульцоў, гэта "Эрудыт-квартэт", нешта накшталт інтэлектуальнай каманднай эстафеты, калі людзі мяняюцца паміж сабой, і ўсё ідзе ў агульны камандны залік", — сказаў Тапчый.
"Да нас прыедуць 32 каманды з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі і Латвіі. Больш за ўсё каманд мы чакаем з Расіі, іх будзе 13, 9 каманд прадставяць Беларусь, 6 Украіну, 2 з Латвіі і 2 з Арменіі", — дадаў Штукацер.
Арганізатарамі Кубка Еўропы 2017 года выступаюць Міжнародная асацыяцыя клубаў "Што? Дзе? Калі?", БДУ і Беларуская ліга інтэлектуальных каманд "БЛІК".
Падрабязнае інтэрв'ю з намеснікам дырэктара "Беларускай лігі інтэлектуальных каманд" Іванам Тапчыем і кіраўніком клуба інтэлектуальных гульняў БДУ Дзмітрыем Штукацерам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.