МІНСК, 9 вер — Sputnik. Першая маштабная карта Вялікага Княства Літоўскага была створана па замове Мікалая Радзівіла Сіроткі. Збор матэрыялу для яе праходзіў у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў у Нясвіжы.
Усяго на ёй пазначана 1 тыс. 39 населеных пунктаў, у тым ліку 544 у ВКЛ, з іх 342 на тэрыторыі Беларусі. Усе надпісы зроблены на лацінскай мове, большая частка з іх — гістарычныя дадзеныя, каментары да населеных пунктаў, а маштаб складае 1:1 300 000.
Аўтарамі карты з'яўляюцца Томаш Макоўскі (1575 — каля 1630) — друкар, мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы і Гесель Герытс (1581-1632) — галандскі гравёр і картограф амстэрдамскага выдавецкага дома "Блау". Карта была надрукавана ў Амстэрдаме ў 1613 годзе вядомым выдаўцом Вілемам Янсзонам Блау (1571-1638).
Дзякуючы гэтай карце на ўсходзе Еўропы знікла белая пляма. Гэта была самая папулярная крыніца ў свой час сярод еўрапейскіх картографаў, а копіі карты, уключаныя ў розныя атласы, захоўваліся пры каралеўскіх дварах па ўсёй Еўропе.
Першапачатковы экзэмпляр карты не захаваўся, а на выставе ў галерэі "Арт-Беларусь" прадстаўлена пазнейшая копія, якая была зроблена з чатырох ксілаграфічных дошак.
Незабыўную атмасферу для наведвальнікаў прэзентацыі карты ВКЛ зрабіў гурт Re1ikt, які ў камернай абстаноўцы выканаў свае самыя вядомыя песні.