Гурт "Ария" пра Беларусь: за сталом спяваем "Песняроў"

© Photo : Прадастаўлена арганізатарамі канцэртуГурт "Ария"
Гурт Ария - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Гурт "Ария" ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь упершыню прэзентуе ў Мінску праграму "Классическая Ария" 1 кастрычніка. Напярэдадні канцэрту ўдзельнікі калектыву распавялі пра беларускі халаднік, лідскі самагон і вандроўкі на цеплаходзе па Бярэзіне.

У гурта "Ария" даўнія стасункі з беларускай публікай. Як узгадвае Уладзімір Халсцінін, першыя выступленні калектыву тут адбыліся ў 1986 годзе, падчас першага тура калектыву па СССР. Тады музыкі выступілі ў Мазыры, Гомелі, Магілёве. З тых часоў гурт адыграў нямала канцэртаў у Беларусі і ўдзельнікам калектыву ёсць што прыгадаць.

— Калі пабывалі ў Беларусі ўпершыню? Калі былі ў апошні раз?

Віталь Дубінін (В. Д.): Упершыню мы былі ў Беларусі яшчэ ў часы Савецкага Саюза, напрыканцы васьмідзесятых. Апошні раз быў невялікі тур, у 2015 годзе.

Міхаіл Жытнякоў (М. Ж.): Мой першы візіт у Беларусь супаў з маім першым канцэртам у складзе "Арыі". Гэта было ў 2012 годзе.

Сяргей Папоў (С. П): Упершыню ў Беларусі быў у 84-85 годзе з ВІА "Здравствуй, песня!"

— Які канцэрт запомніўся больш за ўсё і чаму?

В. Д.: Усе канцэрты розныя і адрозніваюцца адзін ад аднаго. Складана вылучыць нейкі асобны.

М. Ж.: Першы канцэрт у Мінску ў 2012 годзе. Было вельмі хвалююча, як і ў любым іншым буйным горадзе, у якім я выступаў упершыню. Але усё прайшло на "ўра".

С. П.: Больш за ўсё запомніўся канцэрт з гуртом "Мастер", у сярэдзіне 90-х у нейкім спартыўным палацы ў Мінску. Запомніўся таму, што захопленая публіка запуліла ў мяне металічным патранташэм, які рассек мне брыво, і паўканцэрту я прайграў у крыві. Але гэта не сапсавала добрых уражанняў ад Мінска і публікі.

Уладзімір Халсцінін (У. Х.): Канцэрты ў Мазыры, Гомелі і Магілёве ў 1986 годзе, практычна першы тур "Арыі".

— Нейкія немузычныя рэчы з Беларусі, якія прыгадаеце?

В.Д.: Запомніўся трохлітровы слоік хатняй самагонкі, якую нам падарылі на байк-шоу, якое праходзіла пад Лідай. А таксама шпацыр на цеплаходзе па рацэ Бярэзіна. Часам знаходзіцца час перад канцэртам, каб здзяйсняць падобныя ваяжы.

У. Х.: Вельмі смачны халаднік, добрыя дарогі і добрыя людзі!

— Што яшчэ звязвае гурт з Беларуссю?

В. Д.: Па-першае, у нас працуе тэхнік, які зараз жыве ў Беларусі… Па-другое, галоўнымі "застольнымі" песнямі ў гурта заўсёды былі і ёсць песні беларускага ансамбля "Песняры".

Праект "Классическая Ария" — гэта лепшыя песні за ўсю кар'еру гурта "Ария" ў суправаджэнні вялікага сімфанічнага аркестру. Аранжыроўкі для праекта зрабіў расійскі класічны кампазітар і музыка Кірыл Уманскі. Мінскі канцэрт пройдзе ў суправаджэнні Прэзідэнтскага аркестру Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам дырыжора Ульфа Вадэнбрандта (Швецыя).

Гурт "Ария" выступіць у Мінску з праектам "Классическая Ария" 1 кастрычніка ў Палацы спорту; кошт квіткоў — ад 30 да 102, 5 рублёў; пачатак а 19-й гадзіне. 

Стужка навiн
0