МІНСК, 11 вер — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак накіраваўся з двухдзённым візітам у Індыю.
З Нацыянальнага аэрапорта Мінск самалёт кіраўніка дзяржавы ўзяў курс на Нью-Дэлі і прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Індзіры Гандзі.
Журналісты тэлеканала АНТ пазнімалі кіраўніка беларускай дзяржавы перад адлётам: Лукашэнка быў апрануты ў шэры спартыўны касцюм са стылізаваным беларускім арнаментам белага колеру на грудзях.
У гэтым жа касцюме кіраўнік дзяржавы нядаўна лётаў ва Узбекістан.
Sputnik з дапамогай сайта нацыянальнага авіяперавозчыка НАК "Белавія" падлічыў, што самы кароткі маршрут да Нью-Дэлі займае амаль 9 гадзін, калі ўлічваць палутарагадзінную перасадку ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева.
Як раней паведамляла агенцтва, візіт беларускага прэзідэнта ў Індыю будзе доўжыцца два дні, на аўторак запланаваны перамовы Лукашэнкі з першымі асобамі індыйскай дзяржавы.