МІНСК, 14 вер — Sputnik. Выпускаецца ў абарачэнне паштовы блок "Геадэзічная дуга Струвэ", паведамілі Sputnik у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Афіцыйнае гашэнне дзяржаўнага знака паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь адбудзецца сёння ў Ашмянах. У цырымоніі прымуць удзел старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Андрэй Гаеў і намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Гардзіенка.
У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне 14 верасня 2017 года ўсе жадаючыя змогуць адправіць карэспандэнцыю з названым памятным штэмпелем па адрасе аддзялення паштовай сувязі Ашмяны-3 Гродзенскай вобласці, дзе на працягу дня, пачынаючы з 8 гадзін раніцы, будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце "Першы дзень".
Праект Дзяржаўныя знакі паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь — паштовы блок і канверт Першага дня, прысвечаныя Геадэзічнай дузе Струвэ, падрыхтаваны РУП "Белпошта" ў супрацоўніцтве з Дзяржкаммаёмасцю.
Геадэзічная дуга Струвэ — унікальны помнік навукі і тэхнікі XIX ст., які ствараўся з мэтай вызначэння памеру і формы Зямлі і аб'ядноўвае 10 краін.
Сёння спецыялісты падкрэсліваюць дакладнасць вымярэнняў: нават часовыя змены рэльефу мясцовасці істотна не паўплывалі на розніцу ў дадзеных, вылічаных пры дапамозе Дугі, і інфармацыі, якую дазваляюць атрымаць сучасныя спадарожнікі. Дадзеныя Дугі Струве выкарыстоўваліся навукоўцамі на працягу 130 гадоў.
Непасрэдна палявымі даследаваннямі займаўся ваенны геадэзіст генерал Карл Цэнер. Пад яго кіраўніцтвам у геадэзічных работах удзельнічаў Іосіф Хадзько — навуковец, геадэзіст і тапограф, які праводзіў трыангуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, Гродзенскай і Мінскай губернях.
У 2005 годзе 34 пункты Геадэзічнай дугі Струвэ ўключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, 5 з іх размешчаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Новы паштовы блок сёння будзе перададзены ў дар музею Дугі Струвэ ў аграгарадку Гальшаны. Таксама, у межах мерапрыемстваў, прысвечаных выпуску паштовага блока "Геадэзічная дуга Струвэ", на пункце "Тупішкі", дзе ўсталявана памятная стэла, адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне, прысвечанае падзеям, якія звязаны з гэтым месцам.