МІНСК, 20 вер — Sputnik. Пералік платных дарог будзе паступова пашыраны ў Беларусі: да ўжо дзеючай платнай аўтамагістралі М1 з часам дадасца аўтадарога Мінск — Гродна — мяжа Польшчы і траса Мінск — Маладзечна — Нарач, паведамілі Sputnik у прэс-службе беларускага ўрада.
Там растлумачылі, што такое рашэнне замацавана ў дзяржпраграме па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Беларусі. Праграма разлічана да канца 2020 года і зацверджана пастановай Савета міністраў №699 ад 18 верасня 2017 года.
"У працэсе рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ў краіне плануецца пашырыць сетку платных аўтамабільных дарог. Будзе ўведзена плата за праезд транспартных сродкаў на ўсім працягу дарогі М6/Е28 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі) пасля яе рэканструкцыі і на ўчастку дарогі Р28 Мінск — Маладзечна — Нарач", — паведамілі ў прэс-службе.
Там удакладнілі, што да 2021 года працягласць платных дарог у Беларусі складзе 1786 км.
У прэс-службе таксама звярнулі ўвагу, што за гады дзеяння праграмы ўлады разлічваюць атрымаць у даходную частку бюджэту 817 млн рублёў ад збірання платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах. Гэтыя грошы будуць накіраваны на ўтрыманне, рамонт і развіццё рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, у першую чаргу — платных.
Між тым, яшчэ ў кастрычніку 2016 года намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко заяўляў, што пашыраць сетку платных дарог у Беларусі не плануецца: такія трасы ўжо даўно вызначаны. З яго слоў, гэта дарогі, якія ўжо рэканструяваны ці будуць рэканструяваны пад параметры першай катэгорыі.
Паводле дадзеных Мінтранса, за 2016 год у Беларусі было сабрана каля 140 млн долараў дзяржпошліны за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху. Усе гэтыя сродкі былі накіраваны на капітальны і бягучы рамонт рэспубліканскіх аўтадарог.
На дадзены момант з беларускіх грамадзян плата за праезд па платных аўтамагістралях не спаганяецца: яе ўносяць, у асноўным, міжнародныя аўтаперавозчыкі і замежныя грамадзяне, якія перасоўваюцца на асабістых аўтамабілях.
У Мінтрансе таксама заяўлялі, што плату за карыстанне платнымі аўтамабільнымі магістралямі Беларусі для грамадзян рэспублікі ўводзіць не плануецца.